Сакратар РНБА Аляксей Данілаў не лічыць, што Кітай праз Беларусь можа перадаваць смяротнае ўзбраенне Расіі. Украінскага палітыка цытуе “24 канал”.
"Няма сёння ніякага жадання Кітаю перадаваць зброю Расіі, для іх гэта вельмі небяспечная рэч", – кажа палітык.
Ён падкраслівае, што пра такую схему тут жа стане вядома, і тады Кітай сутыкнецца з сур'ёзнымі наступствамі — і стратамі.
“Навошта Кітаю, што мае велізарны таваразварот з ЗША і Еўропай, займацца падобнымі рэчамі? Для таго, каб ратаваць Пуціна, які яму абяцаў адно, а зрабіў зусім іншае?” — задаецца пытаннем Данілаў.
Ён упэўнены, што ўжыванне кітайскай зброі супраць Украіны нядоўга можна было б трымаць у сакрэце. І прыводзіць у прыклад ужыванне іранскіх дронаў у вайне Расіі з Украінай, пра якое хутка стала вядома.