Кіроўца, які паказаў пасажыру дулю, распавёў сваю версію падзеяў

Кіроўца, які паказаў пасажыру дулю, распавёў сваю версію падзеяў

Мінскі кіроўца, які паказаў дулю пасажыру, заяўляе, што сітуацыя была справакаваная. Праўда, адказнасці і з сябе не здымае, піша TUT.by.

Еўрарадыё распавядала, як пасажыр аўтобуса №73 папрасіў у кіроўцы прадаць квіток і працягнуў 10-рублёвую купюру — меншай не было. Кіроўца ў адказ паказаў дулю, а потым выгнаў пасажыра на вуліцу. Абураны паводзінамі кіроўцы хлопец зняў сітуацыю на відэа і вывесіў на YouTube.

Кіроўца аўтобуса Руслан апісвае падзеі крыху іначай. На прыпынку "Гвардзейская", па яго словах, у заднія дзверы аўтобуса зайшлі каля дзесяці пасажыраў. Калі аўтобус паехаў, да кабіны кіроўцы падышоў пасажыр, які хацеў купіць квіток. "У мэтах бяспекі нам забаронена на хаду прадаваць талоны, рабіць гэта можна толькі на прыпыначных пунктах. Таму я працягнуў рух, не паварочваючыся. Ён пагрукаў яшчэ разы два-тры. Я не звяртаў увагі. Пад'ехалі да прыпынку "Юбілейная". Я спачатку адчыніў дзверы для пасажыраў, потым фортку", — распавядае мужчына.

Малады чалавек хацеў купіць адзін квіток і працягнуў 10-рублёвую купюру. У кіроўцы не было рэшты, таму ён прапанаваў пасажыру ехаць "па факце".

"Ён перапытвае: "Як па факце? Штраф плаціць?" Я яму тлумачу, што штраф плаціць не трэба, я бяру адказнасць на сябе. Калі кантралёры зойдуць — скажаце, што кіроўца мяне не абілеціў, таму што не было рэшты. Звычайна ў такіх сітуацыях кантралёры ідуць насустрач, ніякіх праблем няма. Бываюць такія сітуацыі", — тлумачыць кіроўца.

Пасля гэтага, па словах Руслана, пасажыр зноў пагрукаўся і працягнуў 50 капеек: маўляў, хачу купіць палову квітка (квіток на праезд кіроўца прадае ў Мінску за 65 капеек). 

"Я гэта ўспрыняў як жарт, хоць і недарэчны, і ў адказ таксама аджартаваўся: "Вы ведаеце, сёння не прадаю па паўквітка, заўтра прыходзьце". Чалавека гэта, відаць, абразіла. Гляджу, дастаў тэлефон, пачаў фатаграфаваць бейдж. У каментарах да артыкула ўжо заўважылі, што бейдж быў адзін, на імя Аляксандр. Гэта напарніка картка, а мая ад вібрацыі звалілася за куфар, які пад шыльдачкай з бэйджамі стаіць".

Пасля гэтага пасажыр стаў здымаць на тэлефон кіроўцу, і яму гэта не спадабалася. "І вось ён стаіць, па сутнасці, за спінай, здымае. У такіх умовах непрыемна рухацца. І так, каюся, у гэтай сітуацыі не вытрымаў і паказаў тую самую фігуру з трох пальцаў, якая і патрапіла на відэа. Не апраўдваю сябе: сарваўся", — расказвае Руслан. Пры гэтым паводзіны пасажыра ён ацэньвае як наўмысную правакацыю.

На прыпынку кіроўца запатрабаваў, каб непрыемны яму пасажыр выйшаў. 

Праўда, відэарэгістратары ў аўтобусе здымаюць толькі ў двух ракурсах — наперад праз лабавое шкло і назад, на пасажырскі салон. Кабіну кіроўцы камеры не здымаюць. Таму пацвердзіць свае словы кіроўца не можа.

Дарэчы, пасля таго, як інцыдэнт трапіў у СМІ, Руслана пазбавілі ўсіх прэмій і аб'явілі вымову.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі