Кіроўца аўто, якое знесла слуп у Мінску і загарэлася, быў п'яны

Кіроўца аўто, якое знесла слуп у Мінску і загарэлася, быў п'яны

Следчы камітэт праводзіць праверку па факце смерці 27-гадовага кіроўцы "Міцубісі" падчас аварыі, якая адбылося 9 верасня на праспекце Дзяржынскага ў Мінску. 

Як распавяла агенцтву "Мінск-Навіны" афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова, следства атрымала вынікі аналізу крыві кіроўцы — там было 2,3 праміле алкаголю. 

Паведамляецца, што загінулы — ураджэнец Віцебшчыны, які жыў у Мінску і працаваў зваршчыкам. Каля 6-й гадзіны раніцы ён ехаў па праспекце Дзяржынскага з боку праспекта Любімава ў бок вуліцы Касманаўтаў. На дарозе мужчына не справіўся з кіраваннем, выехаў за межы праезнай часткі і ўдарыўся ў ліхтарны слуп. Пры ДТЗ аўтамабіль загарэўся. Пасажыраў у машыне не было — толькі кіроўца. Брыгада хуткай меддапамогі, якая прыбыла на месца здарэння, канстатавала смерць мужчыны.

Перад ДТЗ кіроўца "Міцубісі" некалькі разоў праехаў на чырвоныя сігналы святлафораў. Таксама ён ігнараваў патрабаванні міліцыянтаў, якія ехалі на службовым аўто са спецыяльнай размалёўкай і ўключаным светлавым абсталяваннем. 

Дарэчы, калі машына спынілася на скрыжаванні за рэйсавым аўтобусам, да яе падыйшоў міліцыянт у форме і патрабаваў спыніцца. Але кіроўца заблакаваў дзверы знутры, не рэагуючы на ​​просьбы, а потым паехаў далей па праспекце. Пры гэтым нага міліцыянта трапіла пад кола аўто. 

Пасля таго, як аўтамабіль парушальніка загарэўся ў ДТЗ, міліцыянты і кіроўцы іншых аўто спрабавалі пагасіць агонь і выцягнуь пацярпелага, але марна.  Агонь пагасілі супрацоўнікі МНС.

Следчыя разам з судовымі экспертамі агледзелі месца здарэння. Прызначаная судова-медыцынская экспертыза цела загінулага, а таксама аўтатэхнічная і шэраг іншых экспертыз. 

Сярод матэрыялаў, далучаных да справы, ёсць і тэлефанаванне мінчука на нумар 102 за нейкі час да ДТЗ. Мужчына паведаміў пра неадэкватныя паводзіны кіроўцы "Міцубісі" на вуліцы Раманаўская Слабада і пра тое, што кіроўца, магчыма, нецвярозы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі