Кірчук звярнуўся да Зямлі, Вады, Агню і Паветра

110822 Malina Kir4uk.mp3

Этна-трыа Троіца на чале з Іванам Кірчуком нарэшце прадставіла беларусам сваю вялізную калекцыю музычных інструментаў. Цягам месяца аматары этна атрымалі магчымасць наведаць музей-запаведнік “Заслаўе” і разглядзець да дробязей турэцкі сас, балгарскую гайду, нямецкую цытру, беларускія гуслі. Праўда, не ўсе інструменты з калекцыі этна-трыа ёсць у ліку 250 экспанатаў выставы. Шматлікія з іх знаходзяцца ў працы і хутка выправяцца на гастролі, адзначае Іван Кірчук.

Іван Кірчук: “Не ўсе інструменты сёння ёсць на выставе, таму што ў Троіцы ёсць гастролі і тую частку інструментаў, якая нам патрэбная, на жаль, мы выставіць не маглі. Таксама хочацца падзякаваць, што нарэшце на нас звярнулі ўвагу, таму што частка інструментаў ляжала ў скрынях вельмі шмат гадоў. Напрыклад, некаторыя з іх яшчэ і не рэстаўраваныя”.

Кожны інструмент, з прадстаўленых на выставе, так ці інакш удзельнічае ў Троіцы, заўважае Іван Іванавіч.

Іван Кірчук: “Усе інструменты, якія тут вісяць, запісаныя ў Троіцы ў розных альбомах. Калі да нас трапляе інструмент, напрыклад, як гэты – калімба (грае) – ён прапісаны ў альбоме “Сем”. Амаль усе гукі нас проста захаплялі, калі мы працавалі ў студыі. Кожная рэч прынесла новы гук для Троіцы, ну і потым Сусвет загучаў. Але ў аснове – старадаўнія беларускія песні, якія мы заўсёды слухаем, выконваем”.

… Наведвальнікі адкрыцця выставы пачулі не толькі гук таго ці іншага інструмента, але і гук Сусвета! Іван Іванавіч у дуэце з аспіранткай кафедры этналогіі і фалькларыстыкі БДПУ імя М. Танка Кацярынай Баброўскай паказаў працяг свайго знакамітага “Варажбіта”.

Іван Кірчук: “Мы хацелі, каб гэтыя інструменты, якія тут сёння былі – чаротка, або гуслі, або акарына, не толькі прагучалі – я мог бы зрабіць такі канцэрт. Але мне здаецца, што інструменты не існавалі самі па сабе, яны былі ў абрадах, рытуалах. Гэта фантазія. Вы толькі не падумайце, што так было. Я не быў у той час, на жаль. Я б паказаў, як было”.

У “новым” “Варажбіце” Кірчук робіць акцэнт на стыхіі, якія з пакон вякоў дапамагаюць жыць чалавеку.

Іван Кірчук: “Тое, што тычыцца гэтай працы, мы вельмі б хацелі, каб людзі звярнулі ўвагу на тыя стыхіі, з якімі жывем разам. Таму што, мне здаецца, мы ўжо так надакучылі Матцы-Зямлі, што яна помсціць нам. Гэта фрагменты звароту праз рытуал да Зямлі, да Вады, да Агню, які знішчае ўсё, да Паветра. На мой погляд, таму што рытуаламі я займаюся апошніх гадоў 10, раблю іх са студэнтамі, тое, што я паказаў, гэта лепшае, да чаго я дайшоў сам”.

На думку ініцыятаркі праекта – супрацоўніцы музея Алены Рыдзеўскай, каштоўнасць выставы заключаецца не толькі ў музычным плане.

Алена Рыдзеўская: “Выстава сапраўды абяцала быць шматвымернай і ў агульнамузейным сэнсе, і ў музычным, і, напэўна, антрапалагічным. Усе інструменты, якія тут ёсць, сапраўды сабраныя з розных рэгіёнаў, але ўсе яны падчас канцэртных выступаў Троіцы акампануюць беларускім спевам і граюць беларускую музыку. І з аднаго боку, гэта можа падацца дзіўным. Але мне падаецца, што гэта файна. Файна, бо выводзіць нас за межы нейкага этнацэнтрызму, з аднаго боку, а з другога боку, не губляе нейкай адметнасці і нечага ўласна нацыянальнага”.

Па словах Кірчука, па Беларусі выстава музычных інструментаў этна-трыа Троіца не паедзе – гэта складана тэхнічна, а вось ад варыянту сталага месца дыслакацыі калекцыі ў музеі музыкі не адмовіліся б.

Іван Кірчук: “Месяц пакажа: калі гэта будзе выклікаць зацікаўленасць – можа быць”.


Адкрыццё выставы паказала, што цікавасць з боку гледачоў вялікая. Жадаючыя ўбачыць інструменты ды пачуць працяг “Варажбіта” не ўмясціліся ў маленькі музейны пакой. У выніку Кірчуку давялося тройчы паўтарыць спектакль. Выстава будзе адкрытая да 30 верасня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі