Кіраўнікоў камп'ютарнай акадэміі абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў

Былі праведзены 37 ператрусаў / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Былі праведзены 37 ператрусаў / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Камітэт дзяржкантролю Беларусі паведаміў пра крымінальную справу, распачатую ў дачыненні да "трох заснавальнікаў і фактычных кіраўнікоў кампаніі", якая займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння і паслугамі ў сферы ІТ-адукацыі. Яе назва не называецца. Як піша @devby, гаворка пра камп'ютарную акадэмію "Шаг". У ёй сцвярджаюць, што працягваюць працаваць у "штатным рэжыме".

Кантралёры паведамляюць, што Упраўленнем ДФР КДК па Брэсцкай вобласці "спынена буйнамаштабная супрацьпраўная дзейнасць па ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры з боку службовых асоб мінскага таварыства з абмежаванай адказнасцю". Яны арганізавалі дзейнасць кампаніі ў Мінску, Бабруйску, Баранавічах і ва ўсіх абласных цэнтрах краіны. Гэта была і распрацоўка праграмнага забеспячэння, і адукацыйныя курсы, у тым ліку і для дзяцей.

Сцвярджаецца, што ў 2015-2021 гадах "пры саўдзеле 11 асоб" кіраўнікі кампаніі "стварылі 14 падкантрольных суб'ектаў гаспадарання (з аднайменнай назвай асноўнай кампаніі), якія ажыццяўляюць аналагічную дзейнасць і прымяняюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання". Кантралёры высветлілі, што "паміж створанымі суб'ектамі штучна размяркоўвалася дзейнасць і выручка галаўной кампаніі, у выніку чаго была зніжана падатковая база апошняй, што дазволіла яе кіраўнікам ухіліцца ад выплаты падатку на суму 1,6 млн рублёў".

Ужо праведзена 37 ператрусаў, накладзены арышт на маёмасць падазраваных на агульную суму больш за 2 млн рублёў. Сцвярджаецца, што яны прызналі віну і кампенсавалі бюджэту нанесеныя страты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі