Кіраўніка БТ абвінавацілі ў парушэнні Выбарчага кодэксу
Генадзь Давыдзька, які стаў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі, не меў права весці праграму, дзе абмяркоўваліся выбары.
Па словах старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, кіраўнік БТ не меў права выступаць ў праграме “Клуб рэдактараў” у якасці аўтара і вядучага.
“Журналістам, службовым асобам сродкаў масавай інфармацыі забараняецца весці тэле- і радыёпраграмы, удзельнічаць у асвятленні выбараў праз сродкі масавай інфармацыі, калі названыя асобы з’яўляюцца кандыдатамі ў прэзідэнты альбо іх даверанымі асобамі”, — напісаў Андрэй Бастунец.
Кіраўнік Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў інтэрв’ю Еўрарадыё сказаў, што ніякіх парушэнняў не было.
Давыдзька: “Праграма была ў запісе. Калі яна запісвалася, то ў мяне яшчэ мандата на руках не было – дакумента, пасведчання і ўсё такое”.
Нагадаем, у апошнім выпуску праграмы “Клуб рэдактараў” абмяркоўваўліся не толькі тое, як праходзяць выбары, але і асобы кандыдатаў ды іх праграмы. Прычым, казалі пераважна пра сапернікаў дзеючага кіраўніка краіны, даверанай асобай якога і з’яўляецца Давыдзька.