Кіраўнік офіса АБСЕ Ханс-Йохен Шміт наведаў Мікалая Аўтуховіча

Кіраўнік офіса АБСЕ ў Мінску Ханс-Йохен Шміт 29 мая наведаў у следчым ізалятары № 1 Мінска актывіста прадпрымальніцкага руху Мікалая Аўтуховіча. Кіраўнік офіса АБСЕ зазначыў, што М.Аўтуховіч не мае скаргаў на медыцынскае абслугоўванне, ахарактарызаваў свой стан як здавальняючы, заявіў, што спецыфічных просьбаў у яго няма і ён мае намер працягваць галадоўку і дамагацца свайго.

Паводле слоў Х.-Й.Шміта, прадпрымальнік "выглядае нармальна". Пасол паведаміў, што раней уздымаў пытанне медыцынскага забеспячэння М.Аўтуховіча на сустрэчы з "чыноўнікам выканаўчай улады" і атрымаў запэўніванні, што гэтае пытанне стаіць на кантролі.
Кіраўнік мінскага офіса АБСЕ зазначыў, што офіс "уважліва сочыць" за сітуацыяй з затрыманымі прадпрымальнікамі. Дыпламат АБСЕ не выключыў палітычных матываў гэтай справы. Ён падкрэсліў, што ў гэтым пытанні арыентуецца на пазіцыю праваабарончых арганізацый. Напрыклад, "Міжнародная амністыя" не прызнавала беларускіх прадпрымальнікаў палітзняволенымі.

Тры ваўкавыскія прадпрымальнікі арыштаваныя 8 лютага. Праз дзесяць дзён Мікалаю Аўтуховічу, Юрыю Лявонаву і Уладзіміру Асіпенку было прад`яўлена абвінавачанне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці). Правабаронцаў насцярожваюць дзве рэчы: па справе знішчэння тае маёмасьці ўжо сядзіць у турме іншы чалавек, а прадпрымальнікі вядомыя як актыўныя апазыцыянеры. 16 красавіка М.Аўтуховіч аб`явіў галадоўку. Ён патрабуе або перадаць справу ў суд, або змяніць усім падследным па гэтай справе меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі