Вы тут

Кіраўнік афіцыйнага Саюзу палякаў прапанаваў аб’яднацца з непрызнаным саюзам

Афіцыйны Саюз палякаў гатовы аб’яднацца з непрызнанай уладамі польскай арганізацыяй. Пра гэта заявіў журналістам у Магілёве кіраўнік афіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі (СПБ) Мечыслаў Лысы.

“Мы заўсёды працягваем руку, кажам, што нам трэба аб’ядноўвацца. І вось цяпер, напярэдадні з’езду, я таксама прапаноўваю аб’ядноўвацца, але няма вялікага жадання. Што тычыцца людзей, якія не ў кіраўніцтве Саюза палякаў, то многія нават і не ведаюць да канца, што ёсць такая сітуацыя. Яны проста любяць польскую мову, польскую культуру, традыцыі, яны ўдзельнічаюць у працы саюза і спецыяльна нават не звяртаюць увагі, які саюз, хто кіруе. Таму такая сітуацыя большасць, я б сказаў, задавальняе нават”, — заявіў кіраўнік СПБ, які прыбыў 26 лістапада ў Магілёў на святкаванне 25-годдзя Магілёўскага аддзела арганізацыі.

Мечыслаў Лысы таксама адзначыў, што магілёўскія палякі аднымі з першых ўступілі ў саюз і сёння дзейнічаюць досыць актыўна. У сваю чаргу кіраўнік магілёўскага аддзела СПБ Юрый Журавовіч асноўным дасягненнем назваў рэканструкцыю і будаўніцтва Польскага дома ў Магілёве, які, паводле яго слоў, сам сябе забяспечвае. "Другім нашым дасягненнем я лічу навучанне польскай мове. 17 гадоў таму мы адкрылі польскія класы ў школе. На сёння  каля 150 чалавек навучаюцца пры Польскім доме", — сказаў ён, адзначыўшы, што дзеці школьнага ўзросту вучацца бясплатна.

Мерапрыемствы, прысвечаныя 25-годдзю магілёўскага аддзела СПБ і 20-годдзю Польскага дома ў Магілёве, прайшлі сёння ў Магілёўскім дзяржаўным музычным каледжы ім. Н.А. Рымскага-Корсакава, перадае БелаПАН.