Вы тут

Кіраўніцы неафіцыйнага Саюза палякаў зноў працягнулі тэрмін утрымання пад вартай

Анжаліка Борыс / фота з сацсетак​

Кіраўніцы неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліцы Борыс яшчэ на два месяцы працягнулі тэрмін утрымання пад вартай — да 25 студзеня, паведамляе рэсурс znadniemna.pl.

Выданне нагадвае, што па "справе палякаў" праходзіць таксама гарадзенскі журналіст Анджэй Пачобут. Не выключана, што такое ж рашэнне вынесенае і ў дачыненні да яго.

Борыс, Пачобут і яшчэ некалькі актывістаў СПБ былі затрыманыя ў канцы сакавіка 2021 года. Іх затрымалі ў межах крымінальнай справы аб распальванні нянавісці (ч. 3 арт. 130 КК РБ). У канцы траўня траіх затрыманых па гэтай справе: Ірэну Бярнацкую, Марыну Цішкоўскую і Ганну Панішаву  вывезлі з Беларусі ў Польшчу. Анжаліка Борыс і Анджэй Пачобут з'язджаць адмовіліся. Пачобут у адным з лістоў тлумачыў, што пісаць прашэнне аб памілаванні ён ні пры якіх умовах не будзе.

"Ніякія памілаванні мне не патрэбныя. Звяртацца або прасіцца я не збіраюся. Нават калі будуць ціснуць. Па такіх справах, як мае, падобныя паводзіны былі б амаральнымі і не вартымі памяці герояў АК (Арміі Краёвай)", — казаў ён. 

Праваабаронцы прызналі Анжаліку Борыс і Анджэя Пачобута палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.