Кіраўніцтва лялечнага тэатра ўхваляе падпрацоўкі сваіх работнікаў

Кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага тэатра ляляк ухваляе падпрацоўкі сваіх работнікаў. На зарплату ў іншых беларускіх тэатрах таксама цяжка пражыць. Днямі Аляксандр Лукашэнка быў вельмі здзіўлены колькасцю беларусаў, якія атрымліваюць зарплату меншую за 200 долараў. “Як можна пражыць на такія грошы?” – абурыўся ён. Кіраўніцтва лялечнага тэатру разумее, што пражыць на такія грошы немагчыма, і адразу папярэджвае сваіх новых супрацоўнікаў, што будзе цяжка, таму ім варта падшукаць сабе падпрацоўкі. Гаворыць загадчык літаратурна-драматычнай часткі Дар’я Візнэр:

“Мая зарплата – 252 тысячы рублёў. Калі я пачынала працаваць, мяне адразу папярэдзілі. Гэта было нешта накшталт пужалкі. Ну, і ўсё кіраўніцтва, ведаючы пра такія нізкія заробкі, вельмі станоўча ставіцца, калі работнікі яшчэ нейкія падпрацоўкі сабе знаходзяць. Калі я ішла, мне адразу сказалі: “Ну, у вас такая маленькая зарплата, вы, канечне, не працягнеце. Вам, вядома, давядзецца шукаць яшчэ іншыя працы”.

У іншых беларускіх тэатрах сітуацыя падобная. У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі акцёры зарабляюць каля 300 тысячаў, аклад рэдактара ў гэтым тэатры – 230 тысячаў рублёў. Загадчык літаратурна-драматычнай часткі маладзёжнага тэатра атрымлівае такі ж заробак.

У лабаранткі гістфаку БДУ Людмілы за тры гады працы аклад павялічыўся тысяч на 30. Сёння, працуючы на паўтары стаўкі, яна атрымлівае каля 500 тысяч рублёў.

Людміла: “Працую я лабарантам на кафедры гістарычнага факультэту. Паўтары стаўкі. Палова – на кафедры, цэлая – у музеі. У месяц атрымліваецца каля 500 тысячаў. Аклад – 200 з нечым”.

І гэта прытым, што ў Людмілы першая катэгорыя. А на факультэце працуюць і лабаранты без катэгорыі.

Патэнцыйна багатая нафтавая сфера хавае свае даходы. Так, намеснік аддзела працы “Нафтана” сказаў Еўрарадыё, што інфармацыя пра заробкі канфідэнцыйная.

“Заробак носіць канфідэнцыйны характар”.

Абнадзейваюць лічбы Міністэрства статыстыкі і аналізу. Так, па інфармацыі прэс-сакратаркі Мінстату Алены Кандраценкі, сярэдні заробак па Беларусі за год павялічыўся на 8,4%.

Алена Кандраценка: “Рэальная налічаная заработная плата, разлічаная з улікам спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі ў чэрвені 2008 года, павялічылася ў параўнанні са студзенем-чэрвенем 2007 года на 8,4%”.

Суцяшаюць і іншыя лічбы Мінстату. Так, намінальны сярэдні заробак па рэспубліцы за першае паўгоддзе склаў 817 тысяч рублёў. На прамысловых прадпрыемствах сярэдняя заработная плата – 1 мільён 1 тысяча рублёў, у будаўнічых арганізацыях – 1 мільён 179 тысяч рублёў, на прадпрыемствах транспарту – 1 мільён 11 тысяч рублёў. Крыху горшая сітуацыя ў сферы гандлю, медыцыны, адукацыі і сельскай гаспадаркі. Гаворыць Алена Кандраценка:

“У арганізацыях сельскай гаспадаркі 575 тысяч рублёў. У гандлі і грамадскім харчаванні – 750 тысяч рублёў. У сферы аховы здароўя – 730 тысяч рублёў. У сферы адукацыі – 653 тысячы рублёў”.

Гэта, канечне, таксама задаволіць не ўсіх. Але, прынамсі, лічба большая за 200 долараў. Тут ужо і прэзідэнт зможа зразумець, як пражыць на такія грошы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі