Хто абароніць рабочых, калі ўлады знішчаюць незалежныя прафсаюзы?

Улады знішчылі незалежныя прафсаюзы, але гэта не значыць, што ў актывістаў няма права пайсці з апеляцыяй у Вярхоўны суд ці ўвогуле зарэгістраваць новы прафсаюз, кажа ў размове з Еўрарадыё прававы інспектар Свабоднага прафсаюза металістаў Ігар Комлік:

— Рашэнне суда мы лічым незаконным. Доказная база, з майго пункту погляду як юрыста, нізкая. Мы будзем гэтае рашэнне абскарджваць у Вярхоўным судзе. Не ведаю, як будзе вырашанае гэтае пытанне, але мы рукі апускаць не будзем, і будзем працаваць далей.

Ігар Комлік / Uladz Grydzin

“Рэальнай абароны рабочым чакаць няма адкуль”

Суразмоўнік Еўрарадыё падкрэслівае: праблема з незалежнымі прафсаюзамі ў Беларусі існавала ўжо даволі даўно. Яны ніколі не карысталіся любоўю і папулярнасцю ва ўладаў. І толькі таму, што падымалі цяжкія пытанні — пытанні ў інтарэсах рабочых.

— Як гэтае рашэнне суда адгукнецца простым рабочым? Вядома, рэальнай абароны ім чакаць цяпер няма адкуль. Але па шчырасці, ёсць тут і іх віна, бо не так актыўна ўступалі ў незалежныя прафсаюзы, стараліся прыстасавацца да сітуацыі і мімікраваць пад яе. На жаль, гэта прывяло да рэзультату, які мы бачым цяпер. Абароненасць людзей знізілася.

Ды і на самой Беларусі гэта адаб’ецца дрэнна. Якім можа быць імідж краіны, якая забараняе незалежныя прафсаюзы, у Міжнароднай арганізацыі працы і ААН?
 

“У межах закона”

У пракуратуры палічылі, што замест абароны правоў работнікаў незалежныя прафсаюзы “бралі актыўны ўдзел у дэструктыўнай дзейнасці, масавых мерапрыемствах, якія парушаюць грамадскі парадак, і распаўсюджвалі інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкага зместу”. Чым насамрэч займаліся прафсаюзы?

— Магу сказаць, што кіруючыя органы прафсаюза СПМ не прымалі рашэнняў пра арганізацыю незаконных забастовак. Наадварот, ставілася задача: калі забастоўка і арганізоўваецца, дык яна павінна быць арганізавана згодна з заканадаўствам.

Права на забастоўку ніхто не забіраў. Яно існуе і ва ўнутраным заканадаўстве Беларусі — Працоўным кодэксе і Канстытуцыі, — і ў міжнародным заканадаўстве. Гаварыць пра тое, што прафсаюз павінны быў выступаць супраць забастовак, гэта нонсэнс. Калі ў яго ёсць такі інструмент, ён павінны ім карыстацца. Іншая справа, на якіх падставах.

Я лічу, што СПМ калі і праводзіў нейкую працу [ў гэтым кірунку. — Еўрарадыё], дык намагаўся людзей прывесці да працы ў межах закона.
 

А што з затрыманымі?

Масіраваная атака на незалежныя прафсаюзы пачалася яшчэ раней. У красавіку ў штабах прайшлі ператрусы. Частка прафсаюзных лідараў і актывістаў апынулася за кратамі.

— Большасць з затрыманых застаюцца ў засценках. Сярод іх ёсць людзі з хранічнымі і ў тым ліку анкалагічнымі захворваннямі. На гэта не звяртаюць увагі, іх трымаюць пад вартай. Дакладна невядома, якія артыкулы ім пагражаюць.

Аднак суразмоўнік Еўрарадыё падкрэслівае: ніякіх рашэнняў у іх дачыненні прынята яшчэ не было.

— Як павернецца сітуацыя далей, сказаць цяжка. Як ім дапамагчы? Прафсаюзныя аб’яднанні і члены прафсаюзаў, у тым ліку глабальных, павінны выказваць сваю салідарнасць і паказваць сваё стаўленне. Мы падтрымліваем як можам — пішам лісты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.