“Хачу жыць спакойна”. Гісторыя транс-мужчыны, які пакінуў Беларусь пасля пратэстаў
Дэн (злева) сумесна са сваім партнёрам / Калаж Еўрарадыё
Дэн называе сябе небінарным трансгендарным мужчынам. Ён нарадзіўся і вырас у Мінску, маляваў коміксы для часопіса “Адзін дома” і паступова будаваў кар’еру тату-майстра. Але ўдзел у падзеях 2020 года прымусіў яго разам з партнёрам выехаць у Польшчу.
Сёння Дэн з партнёрам і двума катамі ўжо два гады спрабуе выжыць ва Уроцлаве без дакументаў, чакаючы рашэння па справе аб міжнароднай абароне. За гэты час ён перажыў страту жылля, беднасць, сексуальны гвалт і суіцыдальны крызіс. Зараз на дапамогу яму BySol адчыніў персанальны збор, да якога можа далучыцца кожны жадаючы.
Еўрарадыё пераказвае гісторыю Дэна з яго слоў.
“Я адчуваю сябе мужчынам”
Паводле слоў Дэна, з самага дзяцінства яму даводзілася змагацца не толькі з беднасцю, але і з гвалтам ва ўласнай сям’і. Пасля разводу бацькоў маці сышла да іншага мужчыны, а бацька, які пазней зрабіў камінг-аўт як бісексуал, пакутаваў ад алкагольнай залежнасці. Дэн успамінае, што грошай у сям’і амаль не было, а пастаяннымі спадарожнікамі жыцця сталі скандалы і адчуванне небяспекі.
“Кожны вечар на стале абавязкова стаяла гарэлка. Я заўсёды думаў, што гэта нармальна. Мая маці часта крычала на мяне, а потым яе новы мужчына пачаў мяне збіваць праз сексуальную арыентацыю майго бацькі”, — распавядае ён.
Паступова Дэн пачаў адкрыта гаварыць пра сваю ідэнтычнасць. У Мінску стаўленне да яго часцей за ўсё было спакойным, хоць часам канфлікты ўсё ж здараліся.
“Я адчуваю сябе мужчынам. Сябры ўспрымалі мяне менавіта так, і для мяне гэта было самым важным. У асноўным праблемы ўзнікалі не з чужымі людзьмі, а ўнутры сям’і”, — кажа ён.
Пасля чарговага канфлікту дома ён апынуўся ў крызісным прытулку “Радзіслава” для людзей, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Менавіта тады, успамінае Дэн, ён перажыў адну з самых глыбокіх дэпрэсій.
“У мяне не было нічога — ні жылля, ні мэты, увогуле нічога. Я наглытаўся лекаў, якія мне прызначыў псіхіятр, і ледзь не памёр. Сябар выклікаў хуткую дапамогу, і мяне літаральна вярнулі да жыцця”.
Пасля гэтага Дэн звярнуўся да сексолага, які дыягнаставаў у яго гендарную дысфарыю. Паводле слоў суразмоўцы, гэта дапамагло яму лепш зразумець самога сябе, хоць жыццё прасцейшым ад гэтага не стала.
“Пайшлі адсюль, зараз будзе мяса”
Улетку 2020 года палітычныя падзеі паступова пачалі змяняць стаўленне Дэна да таго, што адбывалася ў краіне. Да гэтага малады чалавек мала цікавіўся палітыкай, аднак размовы з сябрамі прымусілі яго ўпершыню задумацца пра будучыню Беларусі.
“Я ўпершыню адчуў, што мне страшна за будучыню. Мы абмяркоўвалі тое, што адбываецца, і я зразумеў, што далей можа быць вельмі дрэнна”, — успамінае ён.
Удзел у масавых акцыях ён запомніў як амаль святочную атмасферу. Разам з сябрамі ён прыходзіў на мірныя пратэсты, фатаграфаваў тое, што адбывалася, і назіраў за тысячамі людзей, якія выйшлі на вуліцы. Аднак настрой хутка змяніўся.
Падчас акцыі з “дыджэямі перамен” ён апынуўся зусім побач з месцам затрымання музыкаў. Паводле яго слоў, адзін з прадстаўнікоў БРСМ пачаў дэманстратыўна здымаць яго на камеру і насміхацца з яго знешняга выгляду.
“Ці дазволіла табе мама так выглядаць?” А я тады адказаў толькі адно: “Вы бачылі цэны на масла ў краме?”
Самым цяжкім успамінам для Дэна стаў выпадак з мужчынам, у якога пасля выбуху гранаты была амаль разарвана кісць. Дэн спрабаваў дапамагчы яму.
“Ён падышоў і сказаў толькі: «Мне патрэбна дапамога». Мы спрабавалі спыніць кроў, потым расчысцілі дарогу для хуткай. Але калі машына прыехала, АМАП затрымаў і параненага, і людзей, якія яму дапамагалі. Тады я зразумеў, што яму ўжо ніхто не дапаможа”.
У наступныя дні ён працягваў выходзіць на вуліцы Мінска. Ён успамінае газ, вадамёты, вопратку, афарбаваную спецыяльнай фарбай, і пастаянныя пагоні. У адзін момант, кажа Дэн, ён нечакана спыніўся проста падчас чарговага разгону.
“Я раптам падумаў: «А навошта я бягу? Можа, калі проста пагаварыць з імі, усё зменіцца?» З гэтага стану мяне вывеў толькі той факт, што сяброўка ўжо вельмі далёка ўцякла”, — кажа ён.
“Ён быў проста рады, што я ўвогуле жывы”
У лютым 2024 года Дэн выйшаў з дому, каб паехаць па сваіх справах. Не паспеў ён прайсці і некалькіх метраў, як да яго падышоў мужчына ў цывільным адзенні, які прадставіўся супрацоўнікам міліцыі. Яго адвялі ўбок, дзе ўжо знаходзіліся яшчэ некалькі чалавек.
“Першае, пра што мяне спыталі: «На мітынгі хадзіў?» Я адразу адказаў: «Не». Я разумеў, што калі прызнаюся, то для мяне ўсё скончыцца вельмі дрэнна”, — распавядае ён.
Падчас праверкі тэлефона супрацоўнікі знайшлі фатаграфіі з пратэстаў. Затым, паводле слоў Дэна, іх увагу прыцягнулі яго татуіроўкі, пасля чаго размова хутка перайшла да тэмы ЛГБТ.
“Мне пачалі казаць: «Дык ты п*****, усе гэтыя змагары — п*****». Потым мы яшчэ сорак хвілін чакалі каля жылога комплексу, бо яны хацелі затрымаць яшчэ аднаго трансгендарнага чалавека”, — успамінае суразмоўца.
Паводле слоў Дэна, сілавікоў цікавілі не толькі пратэсты, але і яго асабістае жыццё. Яны задавалі пытанні пра адносіны з партнёрам, сексуальную арыентацыю, вайну ва Украіне і спрабавалі яго прынізіць.
“У нейкі момант мне падалося, што адзінае, чаго я хачу, — проста перастаць існаваць. Такога прыніжэння я не адчуваў ніколі ў жыцці”, — успамінае ён.
Пазней Дэна даставілі на Акрэсціна, нягледзячы на тое, што, як сцвярджае суразмоўца, самі супрацоўнікі казалі пра немагчымасць арышту праз дыягназ, звязаны з псіхічным здароўем.
Тры дні ён правёў у перапоўненай камеры. Памяшканне было разлічана на двух чалавек, аднак адначасова там знаходзіліся да паўтара дзясятка затрыманых. Святло не выключалі ні ўдзень, ні ўначы, ляжаць забаранялася, а некаторых зняволеных рэгулярна выводзілі дзеля прыніжэнняў.
“Нас па некалькі разоў за ноч падымалі толькі для таго, каб абражаць. У камеры былі маці з дзецьмі, пажылая жанчына, студэнты. Людзей было настолькі шмат, што немагчыма было нармальна размясціцца”.
Праз трое сутак хлопца даставілі ў суд. Ён успамінае, што спецыяльна хаваў татуіроўкі пад адзеннем, бо яму сказалі, што суддзя негатыўна ставіцца да людзей з такой знешнасцю. Пасля пасяджэння справу накіравалі на псіхіятрычную экспертызу, а самога Дэна адпусцілі.
З будынка суда ён выйшаў без тэлефона і амаль без сувязі са знешнім светам. Перш за ўсё, кажа суразмоўца, ён папрасіў выпадковых мінакоў выклікаць яму таксі, каб дабрацца да крамы, дзе працаваў яго партнёр.
“Я прыехаў да яго, мы зачыніліся ў падсобцы, і я сказаў толькі адну фразу: «Трэба з’язджаць». Ён быў проста рады, што я ўвогуле жывы”.
На зборы пайшло каля тыдня. Разам з партнёрам яны падрыхтавалі дакументы для двух катоў і вырашылі пакінуць Беларусь праз Расію, разлічваючы потым трапіць у Грузію. Аднак на мяжы высветлілася, што Дэну забаронены выезд.
Наступныя паўгода, паводле яго слоў, ператварыліся ў пастаянныя пераезды і жыццё ў сховішчах. Спачатку яны хаваліся ў Расіі, затым вярталіся ў Беларусь, жылі ў знаёмых, на дачы, у тату-студыі, чакаючы магчымасці атрымаць гуманітарныя візы.
“Мы думалі, што гэта зойме зусім няшмат часу. У выніку паўгода толькі хаваліся і чакалі. Гэта было вельмі цяжка — і маральна, і фінансава”, — кажа ён.
“Мы ўвесь гэты час знаходзіліся ў падвешаным стане”
Дапамогу ў эвакуацыі, распавядае Дэн, ім аказваў фонд BYSOL. У выніку яму ўдалося пакінуць Беларусь абходнымі шляхамі, тады як яго партнёр выехаў афіцыйна. Пазней яны сустрэліся ў Літве, а затым адправіліся ва Уроцлаў, дзе вырашылі прасіць міжнародную абарону.
Апынуўшыся ў Польшчы, Дэн упершыню за доўгі час адчуў сябе ў бяспецы. Паводле яго слоў, ужо пасля перасячэння мяжы Еўрапейскага саюза з’явілася адчуванне, што пастаянны страх застаўся ззаду. Ён разлічваў, што працэдура атрымання міжнароднай абароны зойме некалькі месяцаў, пасля чаго можна будзе афіцыйна працаваць і пачаць новае жыццё.
Аднак чаканні не апраўдаліся. Замест хуткага афармлення дакументаў пачалася бюракратычная валакіта, ускладненая Дублінскім рэгламентам. Польскія ўлады прынялі рашэнне перадаць разгляд справы Літве, праз якую Дэн уехаў у ЕС. Ён асцерагаўся такога развіцця падзей і звярнуўся па дапамогу да юрыстаў.
Пасля падачы апеляцыі перадачу справы ўдалося часова прыпыніць, аднак працэс зноў расцягнуўся на многія месяцы. Паводле слоў маладога чалавека, яны ўвесь час чакалі новых рашэнняў, а любых лістоў ад дзяржаўных органаў даводзілася літаральна дамагацца праз адвакатаў.
“Нам казалі: «Пачакайце яшчэ паўгода». Мы зноў чакалі. Потым высветлілася, што дакументы проста не разглядаліся. Мы ўвесь гэты час знаходзіліся ў падвешаным стане”.
У выніку яго справу перадалі ў іншае падраздзяленне, дзе адбылося паўторнае інтэрв’ю. Але і пасля гэтага адказу давялося чакаць значна даўжэй за абяцаныя тэрміны.
“Цяпер мой галоўны план — проста не скончыць жыццё самагубствам”
Пакуль працягваўся разгляд заявы, Дэн не меў права афіцыйна працаваць. Яго партнёр апынуўся ў яшчэ больш складанай сітуацыі: пасля адмовы выконваць рашэнне аб перадачы справы ў Літву вытворчасць па яго справе фактычна спынілася, і ён быў вымушаны чакаць магчымасці падаць дакументы нанова.
Паводле слоў Дэна, у 2026 годзе сітуацыя стала яшчэ цяжэйшай. На месяц ён пазбавіўся медыцынскай страхоўкі, праз што не змог атрымліваць неабходныя лекі.
“Мне ўжо паставілі біпалярнае расстройства. Лекі для мяне жыццёва неабходныя. Калі страхоўку адмянілі, у мяне цэлы месяц быў сіндром адмены. Я практычна не мог існаваць”.
Крыніцай існавання сталі толькі дзяржаўная дапамога і рэдкія выпадковыя заробкі. Дэн працягваў стажыроўку ў тату-студыі, штодня маляваў эскізы і трэніраваўся працаваць на штучнай скуры, спадзяваючыся, што пасля атрымання дакументаў зможа афіцыйна ўладкавацца майстрам.
З часам фінансавае становішча стала настолькі цяжкім, што, паводле яго слоў, дзеля аплаты жылля ён быў вымушаны шукаць любую магчымасць зарабіць. Спачатку гэта была праца ў масажным салоне, а потым — секс-праца.
“Мне было псіхалагічна вельмі цяжка. Я разумеў, што не хачу гэтым займацца, але трэба было плаціць за жыллё. Іншага спосабу хутка зарабіць у мяне тады проста не было”, — распавядае ён.
Менавіта ў гэты перыяд адбыўся эпізод, які ён называе адным з самых цяжкіх у сваім жыцці. Увосень 2025 года знаёмая прапанавала яму суправаджаць кліента без аказання сексуальных паслуг. Ён пагадзіўся, аднак, як сцвярджае суразмоўца, сустрэча скончылася сексуалізаваным гвалтам.
“У мяне было адчуванне, што нешта не так, але я спрабаваў пераканаць сябе, што ўсё будзе добра. Потым стала ўжо занадта позна”, — успамінае ён.
Пасля таго, што адбылося, Дэн разам з партнёрам звярнуліся ў паліцыю. Нягледзячы на грубую рэакцыю ў адным з аддзяленняў, у другім заяву прынялі, арганізавалі судова-медыцынскую экспертызу і пачалі расследаванне.
“Паліцэйскія казалі мне: «Усё будзе добра». Яны проста рабілі сваю працу. Пасля таго, што я бачыў у Беларусі, для мяне гэта быў сапраўдны шок”.
Паводле яго слоў, экспертыза пацвердзіла факт сексуальнага гвалту, пасля чаго расследаванне працягнулася. Цяпер інтарэсы Дэна прадстаўляе адвакат, які спецыялізуецца на падобных справах, аднак судовы разгляд дагэтуль не завершаны.
Адначасова пара сутыкнулася з новай пагрозай — стратай жылля. Некаторы час Дэн і яго партнёр жылі ў закінутым сквоце без нармальных бытавых умоў, а потым валанцёры дапамаглі ім часова зняць кватэру.
“Мы жылі ў будынку, дзе практычна нічога не было. Не было пральнай машыны, халадзільніка, а ў пакоі стаяў моцны пах мачы. Цяпер валанцёры дапамаглі нам з жыллём, але гэта толькі на месяц”, — распавядае ён.
Паводле слоў Дэна, сёння яго галоўная мэта застаецца вельмі простай — дачакацца рашэння па міжнароднай абароне, захаваць жыллё і працягнуць навучанне прафесіі тату-майстра.
“Я хачу стаць тату-майстрам. Вельмі хачу нарэшце пачаць жыць, а не выжываць. Цяпер мой галоўны план — проста не скончыць жыццё самагубствам і дачакацца моманту, калі ўсё гэта скончыцца”, — прызнаецца ён.