Казулін: Мілінкевіч сам едзе па рэгіёнах, а мяне запрашаюць людзі

Аляксандр Казулін стаў беспартыйным, але застаецца ў палітыцы. На якія структуры ён будзе абапірацца пасля выхаду з Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), пакуль невядома. Адзінае, што раскрыў з сваіх планаў палітык - гэта паездкі па краіне.
Але куды і з якой мэтай? Ці не будуць яны нагадваць падобныя ж паездкі Аляксандра Мілінкевіча? Вось што кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё Аляксандр Казулін:

"Я еду туды, куды мяне запрашаюць людзі. І гэта розніць мяне з Аляксандрам Мілінкевічам. Ён ездзіў па сваёй асабістай праграме, прычым гэта ў яго мэта - ездзіць па рэгіёнах".

Паводле словаў Казуліна, яго паездкам спрыяе той факт, што пасля выхаду з партыі ён "вольны ад абавязацельстваў" і "стаў свабодным чалавекам". 

Пра тое, якім чынам Казулін можа захавацца ў палітыцы, разважае палітолаг Юрый Чавусаў:

"Ён карыстаецца пэўным аўтарытэтам, назапашаным у час адсідкі. Аўтарытэтам менавіта палітычнага лідэра, здольнага на рашучыя крокі".

Аднак, паводле Чавусава, аўтарытэт гэты ўжо трошкі пабляк з-за таго, што нейкіх рэзкіх крокаў пасля выхаду на волю Казулін не рабіў. І калі ў міжвыбарчы перыяд гэтаму палітыку можна абысціся без партыйных структураў, дык у час актыўных палітычных кампаніяў аднаго аўтарытэта лідэра недастаткова, лічыць Чавусаў.

На перспектыву стварэння Казуліным новай партыі альбо аднаўлення руху "Воля народу" палітолаг глядзіць скептычна.

"У Беларусі дзіўная сітуацыя: ёсць лідэры без структураў, і ёсць структуры без лідэраў", - канстатуе Юрый Чавусаў.

Аднак сам Казулін кажа, што "Волю народу" аднаўляць не трэба, бо рух... існуе:

"Ён адрадзіўся як рух "За Свабоду" Аляксандра Мілінкевіча. Усе тыя ідэі, якія былі ў "Волі народу", узятыя за аснову ў руху Мілінкевіча".

Дык можа вы створыце нешта новае? - запыталіся мы ў Казуліна. Ён адказаў вельмі асцярожна:

"Ведаеце, я збіраюся жыць у гэтай краіне. А там ужо жыццё пакажа".

Дарэчы, як даведалася Еўрарадыё, на нядаўнюю сустрэчу ў Мінску кіраўніцы палітычнага аддзела генеральнага сакратарыята Савета ЕС Хельгі Шмід з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі быў запрошаны і Аляксандр Казулін. Але яго ў той час не было ў краіне.

Фота - photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі