Каталонцы не хочуць, каб іх параўноўвалі з крымчанамі

Нямецкая канцлерка Ангела Меркель лічыць, што Крым нельга параўноўваць з Косава, як гэта часам робяць расійскія ўлады. А Еўрарадыё задаецца пытаннем: з чым усё ж такі можна параўнаць сепаратысцкі рэгіён?

Напрыклад, спікер Савета Федэрацыі Расіі Валянціна Матвіенка спасылаецца на Шатландыю, у якой рэферэндум адбудзецца 18 верасня. А журналіст шатландскай газеты The Herald Дэвід Ліск ловіць яе на “падвойных стандартах”.

Дэвід Ліск: “Матвіенка — адзіная з некалькіх расійскіх палітыкаў і каментатараў, якія цягам тыдня гавораць пра “міжнародныя правы на самавызначэнне”, стараючыся параўнаць Крым з Шатландыяй. Ад гэтага патыхае крывадушшам. Яе Савет Федэрацыі ў канцы мінулага года прыняў закон, што забараняе “сепаратысцкую прапаганду”. Якая кара? Турма”.

CNN таксама піша, што тыя, хто параўноўвае галасаванне ў Крыме і ў Шатландыі, хітруюць. Не так даўно аналітык BISS Андрэй Елісееў у інтэрв’ю Еўрарадыё тлумачыў, чаму нельга праводзіць такія паралелі:

“У выпадку Крыма ідзе гаворка пра правядзенне рэферэндуму фактычна з войскамі іншай краіны на яго тэрыторыі. Само права на вызначэнне тэрыторыі ёсць. Вось робіцца ў Шатландыі, былі ў Квебэке. Але гэтыя рэферэндумы былі падтрыманыя цэнтральнымі ўладамі, яны былі цалкам легальныя з гледзішча заканадаўства краіны”.

scotsman.com

Не маглі абмінуць сваёй увагай крымскія падзеі і ў Іспаніі, дзе ёсць свая “гарачая кропка” — Каталонія. Міністр замежных спраў Іспаніі Хасэ Мануэль Гарсія Маргальё заўважыў “выразную паралель” паміж крымскім рэферэндум і каталонскім, які адбудзецца 9 лістапада. Іспанскі прэм’ер Марыяна Рахой, калі яго пытаюць пра каталонскую незалежнасць, таксама адмахваецца ў бок Крыма, які занялі расійскія войскі, і дзе за 10 дзён арганізавалі рэферэндум. Але нават некаторыя каталонскія сепаратысты не хочуць, каб іх раўнялі з крымчанамі.

“Гэта зусім розныя працэсы. Галоўнае адрозненне: вы не можаце параўноўваць выбарчы працэс са зброяй з выбарчым працэсам з бюлетэнямі. У нас у Каталоніі няма ніякая зброі”, — кажа Альфрэд Босх з “Левай рэспубліканскай партыяй Каталоніі”.

Апытанне паказвае, што 60% каталонцаў падтрымліваюць незалежнасць. Але разам з тым, як вынікае са словаў Альфрэда Босха, каталонцы шукаюць натхнення на поўначы, у Шатландыі, а не на ўсходзе, у Крыме.

Цікава, што вынік крымскага рэферэндуму радуе італьянскіх сепаратыстаў. Матэа Сальвіні з “Паўночнай Лігі” марыць аб аддзяленні так званай “Паданіі”(Ламбардзія, П’емонт і Венета). “Viva крымскаму рэферэндуму і вольнасці грамадзян”, — кажа Матэа Сальвіні.

Дарэчы, акурат у дзень правядзення крымскага рэферэндуму ў Венецыі запусцілі свой онлайн-рэферэндум. Як аказалася, з 3,7 млн. жыхароў рэгіёна, якія маюць права голасу, больш за 2,1 млн. чалавек (89%) абралі незалежнасць.

Фота: globalpost.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі