Карл Більт: "Я расчараваны не ва Ўсходнім Партнёрстве, а ў Лукашэнку"

Еўрарадыё: Швецыя была ініцыятарам ініцыятывы Ўсходняга Партнёрства, ідэя якога ў больш шчыльных адносінах Беларусі з ЕС. Спадар Більт, пасля падзей у Беларусі 19 снежня і наступных ці не адчуваеце пэўнае расчараванне?

Карл Більт: Так, але не ва Ўсходнім Партнёрстве, а ў Лукашэнку. Беларусь застаецца ў гэтай ініцыятыве. І мы спадзяемся, што бліжэйшымі гадамі яна ўсё ж пачне развівацца ў іншым кірунку. Цяпер удзел Беларусі ва Ўсходнім Партнёрстве на міністэрскім узроўні — наўрад ці зручная форма супрацоўніцтва. Але варта працягваць абмяркоўваць тэхнічныя рэчы ў інтарэсах развіцця Беларусі. Канечне, мы мусім быць адкрытыя для гэтага.

Еўрарадыё: У заключэннях Савета ЕС — ні слова пра эканамічныя санкцыі і замарозку ўдзелу ва Усходнім Партнёрстве. Калі сітуацыя ў краіне працягне пагаршацца, ці мажлівыя гэтыя захады?


Карл Більт: Удзел Беларусі ва Усходнім Партнёрстве на палітычным узроўні ўжо замарожаны ў пэўнай ступені. Відавочна, што Лукашэнка цяпер не будзе нікуды запрошаны. Па той простай прычыне, што ён не можа вандраваць. Відавочна, што і на міністэрскую сустрэчу Мартынаў не будзе запрошаны таксама. Значыць, супрацоўніцтва будзе праходзіць на іншых узроўнях.

Еўрарадыё: Чаму Сяргей Мартынаў не ўключаны ў "чорны спіс", а два сыны Лукашэнкі ўключаныя?

Карл Більт: Гэта вялікі спіс людзей, якія, на нашу думку, тым ці іншым чынам звязаныя з рэпрэсіямі пасля 19 снежня.

На гэты момант мы не лічым Мартынава наўпрост замяшаным у рэпрэсіўных дзеяннях, да пэўнай ступені. Ён не ўключаны таксама таму, што мы захоўваем шанец для далейшай камунікацыі. Але мы можам дадаваць у спіс новых людзей і прыбіраць. Плюс — можам уводзіць іншыя абмежавальныя захады.

Што да гандлёвых санкцый, я не лічу іх зараз належным інструментам. Але ў заключэннях мы ясна адзначылі магчымасць пайсці далей, увесці іншыя абмежавальныя захады, значыць, у тым ліку эканамічныя. Усё залежыць ад падзеяў.

Еўрарадыё: Хто канчаткова адказны за складанне "чорнага спісу"?

Карл Більт: Усе мы. Гэта сумеснае рашэнне 27 міністраў ЕС. Прапановы паступаюць ад розных крыніц, мы іх абмяркоўваем і пры патрэбе ўзгадняем. Мы гатовыя як дапаўняць яго, так і прыбіраць з яго пэўныя імёны, калі ёсць на гэта адпаведныя прычыны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі