Карбалевіч: Польшча гатова ахвяраваць сваімі эканамічнымі інтарэсамі
![“Гэта сапраўды ахвяра, бо ад ліквідацыі гэтага пропуску цярпяць і беларускія, і польскія транспартныя кампаніі”](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/1058203705_0_130_3071_1857_1920x0_80_0_0_ba8f3fd4a1f3097479cb1786d20dcc15.jpg.webp?itok=pZc2GHyC)
“Гэта сапраўды ахвяра, бо ад ліквідацыі гэтага пропуску цярпяць і беларускія, і польскія транспартныя кампаніі”
Уводзячы санкцыі супраць лукашэнкаўскага рэжыму, Польшча гатовая ахвяраваць сваімі эканамічнымі інтарэсамі. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё кажа палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.
“Гэта сапраўды ахвяра, бо ад ліквідацыі гэтага пропуску цярпяць і беларускія, і польскія транспартныя кампаніі, якія перавозяць грузы праз мяжу. І нават не толькі польскія, а — еўрапейскія. Таму любыя эканамічныя санкцыі — гэта моцная зброя з абодвух бакоў.
Польшча лічыць гэта мэтазгодным, афіцыйныя беларускія ўлады — не. З пункту гледзішча простых людзей, якія хочуць выехаць за мяжу — ці з Беларусі ў Польшчу, ці з Польшчы ў Беларусь — гэта дадатковыя выдаткі. Але так не бывае, што санкцыі б’юць толькі па рэжыме і не чапаюць насельніцтва. Такіх санкцый няма — за выключэннем візавых, якія чапляюць канкрэтных людзей”.
Польшча пашырыць санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта ў чацвер паведаміў міністр унутраных спраў Марыюш Каміньскі. Паводле яго слоў, у адказ на рэпрэсіі супраць палякаў у Беларусі будзе пашыраны "чорны спіс". Напярэдадні ў Гродне журналіст-палітвязень, актывіст польскай меншасці ў Беларусі Анджэй Пачобут быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама 9 лютага было абвешчана, што Польшча з пятніцы прыпыніць дзейнасць пункта пропуску "Баброўнікі" на мяжы з Беларуссю. Рашэнне тлумачыцца "меркаваннямі нацыянальнай бяспекі". Яно таксама падобнае да санкцый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.