Карбалевіч: Паўтарэння гарачага лета і восені мінулага года не будзе

Паўтарэння гарачага лета і восені мінулага года не будзе, мяркуе палітычны аналітык Валерый Карбалевіч. Гэтаму, на яго думку, ёсць некалькі прычын. Па-першае, лічыць аналітык, рэвалюцыйны выбух — з'ява ў гісторыі рэдкая, і каб ён адбыўся, патрэбны збег спрыяльных абставін, як гэта было ў 2020 годзе. Але гэты перыяд застаўся ззаду.

Таксама Карбалевіч мяркуе, што масавы пратэст па сваёй прыродзе не можа быць "гульнёй удаўгую", бо трымаць ў эмацыйным накале вялікія масы людзей доўгі перыяд немагчыма.

Сваю справу ў тым, што пратэстнай вясны не будзе, на думку аналітыка, робяць і маштабныя рэпрэсіі. 

"Цана выхаду на вуліцу цяпер моцна ўзрасла ў параўнанні з мінулым годам. Летам і восенню 2020 году людзі не так моцна баяліся затрыманняў — шмат хто думаў, што ўсё гэта ненадоўга, хутка ўсё абрынецца. Цяпер сітуацыя іншая", — тлумачыць Карбалевіч.

Выхад на вуліцы для ўдзелу ў акцыях патрабуе моцнай матывацыі, людзі мусяць разумець сэнс рызыкі і бачыць наперазе практычны вынік. Летам і восенню 2020 года людзі спадзяваліся, што пратэсты скончацца перамовамі і крахам рэжыму Лукашэнкі. Цяпер такіх надзей мала. Да таго ж, калі летам улада знаходзілася ў ролі абароны, то цяпер яна дэманструе сілу. У такой сітуацыі натуральнай падаецца дэмабілізацыя грамадства.

Ролю ў тым, што паўтарэння лета 2020 года не будзе, грае і палітычная эміграцыя з Беларусі: "з'язджаюць і хаваюцца ад пераследу самыя актыўныя". Але недавер да ўладаў і пратэсныя настроі грамадства нікуды не падзеліся, ўпэўнены аналітык.

"У беларускіх незалежных медыях папулярная метафара, якая характарызуе грамадзка-палітычную сітуацыю: пажар на тарфяніку. Глыбока ўнутры горача, а на паверхні відаць толькі лёгкі дымок, — кажа Карбалевіч. — Пратэст працягваецца, але ў іншых формах, якія непасрэдна не пагражаюць панаванню Лукашэнкі. Пратэстныя настроі, недавер грамадства да ўладаў нікуды не падзеліся. І ніхто не ведае, як і калі гэта можа стрэліць. Самы верагодны момант абвастрэння палітычнай сітуацыі — гэта найбліжэйшая электаральныя кампанія на мяжы 2021-2022 гадоў (мясцовыя выбары і рэфэрэндум па Канстытуцыі)".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.