Каранік: за апошнія суткі ў Беларусі на каранавірус ніхто не захварэў

Каранік: за апошнія суткі ў Беларусі на каранавірус ніхто не захварэў

За апошнія суткі ў Беларусі на каранавірус ніхто не захварэў. Частку пацыентаў рыхтуюць да выпіскі з бальніц, паколькі атрыманыя першыя адмоўныя тэсты. Пра гэта ў аўторак паведаміў міністр аховы здароўя нашай краіны Уладзімір Каранік. Паводле яго слоў, сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. Абмяркоўваюцца дадатковыя меры, якія будуць уведзены ў Беларусі. Каранік кажа, што яны накіраваны на недапушчэнне завозу каранавіруса. "Мы разумеем, што ў нашых суседзяў сітуацыя не вельмі добрая, таму мы дадаткова мінімізуем рызыкі завозу да нас", цытуе словы міністра БЕЛТА.

Як вядома, усе нашы суседзі закрылі межы з Беларуссю. Апошняй стала Расія. Гэтае рашэнне Масквы выклікала эмацыйную рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі. Яго абурыла, што з беларусамі не параіліся, а паставілі перад фактам. У адказ на гэта расійскі ўрад крытычна выказаўся наконт таго, як Беларусь выконвае рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па барацьбе з распаўсюдам каранавіруса. "Сітуацыя ў Беларусі значна больш сур'ёзная, чым у Расіі", — заявіла прэс-служба ўраду РФ.

У аўторак з'явілася заява краінавага офісу Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў Мінску. У ім пазітыўна адзначаны высілкі Беларусі па барацьбе з COVID-19. Таксама ў заяве падкрэсліваецца, што "увядзенне абмежаванняў на перамяшчэнне людзей... у большасці выпадкаў не з'яўляецца эфектыўнай мерай".

У Беларусі афіцыйна заяўлена пра 36 выпадкаў захворвання на каранавірус.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі