Вы тут

Каранавірус перашкодзіў 61-гадовай беларусцы падняць БЧБ-сцяг на Эверэст

Беларуска Ала Касабуцкая з НЕ БЧБ-сцягам і Святлана Кузкова, пра якую ў Федэрацыі альпінізму не чулі / Еўрарадыё

У траўні тры беларускі незалежна адна ад адной пачалі ўзыходжанне на Эверэст. Паведамляецца, што дзве з іх узышлі на вяршыню свету раніцай 23 траўня. А трэцяя — самая старэйшая і дасведчаная альпіністка з іх — вымушаная была перапыніць экспедыцыю праз COVID-19.

Таксама 23 траўня на Эверэсце пабывалі дзяржаўны сцяг Беларусі і капсула з зямлёй з Кургана Славы. Але паднялі іх на пік не беларусы, а расійскі і кыргызскі альпіністы. Расказваем, як што было.

Першая беларуска на Эверэсце

Топ-менеджарка, бягуха і альпіністка Ала Касабуцкая / Еўрарадыё

23 траўня ў 5:45 раніцы Ала Касабуцкая стала першай жанчынай з Беларусі, якая скарыла Эверэст. Ала — удзельніца буйных бегавых марафонаў, займаецца альпінізмам, займае пасаду топ-менеджаркі ў сферы продажаў.

— Па дарозе мы бачылі два целы. За паўгадзіны да вяршыні было вельмі небяспечнае месца. Кошкі слізгаюць, ты можаш зваліцца проста побач з гэтым памерлым чалавекам... Я ведала, што дзве беларускі дзесьці ідуць, але я вельмі хацела быць першай, і я выразна разумела, што адзіны варыянт — гэта абганяць. Гэта такі цяжкі рваны тэмп, калі ў адзін момант твае ногі могуць проста адмовіцца ісці. Але гэта была мая спартыўная мара. І мы абагналі ўсіх, — цытуе спартсменку інстаграм-акаўнт супольнасці Audi Belarus.

На фота, зробленым у час узыходжання на вяршыню, у сумцы ў Алы відаць палатно, падобнае да БЧБ-сцяга. Але нядаўна альпіністка папрасіла Еўрарадыё напісаць, што гэта не ён. У экспедыцыі на Эверэст з ёй быў іншы сцяг, які належыць супольнасці Audi Belarus. Яна сфатаграфавалася з ім на вяршыні.

Касабуцкая са сцягам Audi Belarus / інстаграм

Падняць БЧБ-сцяг на Эверэст перашкодзіў каранавірус

Канадскай беларусцы Ліліі Яноўскай — увага — 61 год! Ва ўраджэнкі Івянца трое дзяцей, а альпінізмам яна пачала займацца вельмі позна — ва ўзросце 50 гадоў, пасля нараджэння трэцяй унучкі.

За плячыма Яноўскай экспедыцыі на Кіліманджара, Матэрхорн, Аканкагуа. На Эверэст яна ішла пад бел-чырвона-белым сцягам — і ў бела-чырвоным камбінезоне. Альпіністка не хавае сваёй грамадзянскай пазіцыі.

— Сцягі маіх краін аб'ядноўваюць белы і чырвоны колеры. Калі я змагу ўзысці на вяршыню, я з гонарам падыму абодва сцягі, асабліва беларускі нацыянальны.

Я далучылася да беларускага жаночага руху пасля выбараў 2020 года. Я хачу падкрэсліць, што беларуская жанчына можа падняцца на самую высокую гару. У яе хапае фізічнай і маральнай сілы, волі, настойлівасці, упэўненасці. Беларускі сцяг будзе першым, які я падыму на вяршыні, — яшчэ перад узыходжаннем на гару расказвала Лілія Яноўская ў інтэрв'ю Радыё Свабода.

Лілія Яноўская / фэйсбук

Але мары не наканавана было спраўдзіцца. Як стала вядома Еўрарадыё, у базавым лагеры на Эверэсце Яноўская заразілася COVID-19 і была вымушаная перапыніць узыходжанне, правёўшы восем дзён у каранціне.

Зямля з Кургана Славы

Святлана Кузкова? / тэлеграм

Пра жанчыну на фота пішуць, што гэта Святлана Кузкова — трэцяя беларуска, якая паднялася на Эверэст. Але ў Еўрарадыё не атрымалася знайсці старонку Святланы ў сацсетках. Больш за тое, пра такую альпіністку нічога не ведае нават старшыня Беларускай федэрацыі альпінізму Аляксандр Гадлеўскі.

— Я з ёй нават не знаёмы. Я магу толькі праз вас яе павіншаваць. Я сам спрабую даведацца, што гэта за цудоўная дама з Беларусі, якая здзейсніла такі подзвіг. Мне напісалі, што, можа быць, прозвішча яе няправільна напісалі. Гэта ўсё, што магу сказаць, — расказвае Еўрарадыё Гадлеўскі.

У сацсетках мяркуюць, што Кузкова падымалася на Эверэст паралельна з Касабуцкай і Яноўскай — у складзе групы, у якую ўваходзіў і беларус з Падмаскоўя Вадзім Фралоў. Той самы, якому ў красавіку было даручана даставіць на найвышэйшы пункт планеты капсулу з зямлёй Кургана Славы, савецкі армейскі сцяг і дзяржаўны сцяг Беларусі.

Вадзім Фралоў атрымлівае капсулу з зямлёй з Кургана Славы / скрыншот

Але не судзіла доля. Фралоў на падыходзе да вяршыні захварэў на каранавірусную пнеўманію, і яго эвакуявалі ў шпіталь у Катманду. Замест яго сцягі і капшук (каб было лягчэй) з беларускай зямлёй даставілі на Эверэст расіянін Георгій Шулепаў і кыргыз Эдуард Кубатаў.

Сцягі і капшук з беларускай зямлёй даставілі на Эверэст расіянін і кыргыз

У сухім астатку: расіянін і кыргыз паднялі на Эверэст дзяржаўны сцяг Беларусі. А ці пабываў на піку БЧБ-сцяг — незразумела.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.