Караць за дармаедства будуць праз рэферэндум?

У Беларусі плануюць увесці паняцце "дармаедства" і адказнасць за яго, як гэта было ў савецкія часы.

"Хочаце вярнуць паняцце "дармаедства" — вяртайце. Не трэба нічога добрага, што было ў савецкія часы зроблена, адкідаць, у тым ліку, і тэрміналогію. Як мне дакладваюць, каля 500 тысяч нашых грамадзян не задзейнічаныя ў эканоміцы краіны. Ну няхай 100 тысяч — гэта хатнія гаспадыні і тыя, хто працуе на уласны падвор'і. А 400 тысяч чым займаюцца? Чым яны занятыя? За чый кошт жывуць? Любымі спосабамі, якія мы ведаем і ўмеем рабіць, трэба прымусіць гэтых людзей працаваць! Да 1 студзеня прыняць меры, каб усе працавалі, прымусіць усіх працаваць!"

Так адказаў кіраўнік краіны, на прапанову МУС караць за “дармаедства” ажно да прымусовай працы.

Адкуль узялася лічба, 500 тысяч дармаедаў, незразумела. Мінпрацы не каментуе ўчорашняе паседжанне і словы Лукашэнкі. Маўляў, цяпер рыхтуецца прапанова ў Саўмін, пасля можна будзе і паразмаўляць. А Белстат папросту не вядзе такіх падлікаў.

Беспрацоўных у Беларусі толькі 23 тысячы. Адкуль лічба у паўмільёна?

Паводле статыстыкі, эканамічна актыўнага насельніцтва на канец 2013 года налічвалася 4 569 000 чалавек, а працавала з іх 4 545 600. Атрымліваецца, што беспрацоўных у Беларусі 23 400 чалавек, 20 900 з якіх зарэгістраваліся ў цэнтрах занятасці. То бок пад тэрмін дармаеды трапляе толькі 2 500 жыхароў краіны. Адкуль лічба ў 500 000? Белстат падказвае, што ў нас працуе шмат пенсіянераў, якія паводле статыстыкі не трапляюць у спіс эканамічна актыўных. Колькі з іх працуе, статысты не ведаюць.

“Няма ніякага эканамічнага і сацыяльнага сэнсу рэгістравацца ў нас у цэнтрах занятасці, — разважае эканаміст Яраслаў Раманчук. — Каб атрымліваць каля 15 долараў у месяц? Каб адпрацоўваць потым 4-5 дзён ці ў сельскай гаспадарцы, ці ўпарадкоўваючы нашы вуліцы ды паркі? Так што, можа быць і паўмільёна, можа быць, і мільён. Гэта тая лічба, якую ніхто не можа акрэсліць, бо ніхто не ведае, якія крытэрыі выкарыстоўваць. Так што, Лукашэнка проста стрэліў у паветра, бо такіх даследаванняў ніхто не рабіў!”

Былы суддзя Канстытуцыйнага суда: У Канстытуцыі няма абавязку працы, толькі права

Прымусовая праца у Беларусі дазволеная па рашэнні суда, напрыклад, "хімія". Праўда, гэта пакаранне за канкрэтнае злачынства, а "дармаедства" злачынствам цяпер не лічыцца. У 12 артыкуле савецкай Канстытуцыі “быў прапісаны абавязак на працу, у Канстытуцыі Беларусі толькі права. Таму, паводле Канстытуцыі, нельга лічыць “дармаедства” злачынствам”, — кажа былы суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі Валерый Фадзееў.

Атрымліваецца, каб унесці адказнасць за "дармаедства" спачатку трэба унесці ў змены ў канстытуцыю, каб зрабіць працу абавязковай.

Год таму Міхаіл Мясніковіч прапанаваў увесці падатак для беспрацоўных. Планавалася з кожнага браць падатак у 20 базавых велічынь за год. Тады афіцыйна было пацверджана, што такі закон рыхтуецца. У інтэрнэце нават з'явілася фота ўказа, дзе, у тым ліку, было прапісана, каго адносіць да "дарамаедаў". Гэта жанчыны узростам ад 18 да 55 і мужчыны ад 18 да 60 гадоў, якія стала пражываюць у Беларусі і больш за 6 месяцаў на працягу года не плацяць ніякіх падаткаў.

Указ тады “спусцілі на тармазах”, але тэрміналогію могуць выкарыстаць і цяпер. Праўда, нават у чыноўнікаў да яе было шмат пытанняў. Напрыклад, ці адносіць да "дармаедаў" хатніх гаспадынь, якія сядзяць з дзецьмі пакуль муж зарабляе грошы?

Яраслаў Раманчук лічыць, што закон не з’явіцца: “Імітацыя — гэта тое, што вельмі добра робіць спадар Мясніковіч са сваім урадам”

Яраслаў Раманчук нагадвае, што на пачатку года Міністэрства эканомікі планавала звольніць шмат чыноўнікаў, бо іх пасады немэтазгодныя. Гэтых людзей таксама можна будзе аднесці да дармаедаў, перакананы эканаміст. А ўлічваючы, што вольных вакансій па краіне крыху больш за 50 тысяч, то дзяржава папросту не здолее ўладкаваць усіх. Натуральна, калі размова вядзецца пра працу на развіццё эканомікі і канкурэнтаздольнасці беларускага тавару, а не працу дзеля працы.

“Калі пагроза будзе ў тым, што трэба будзе плаціць 200-300 долараў на год. То прадпрымальнікі, розныя фірмы і фірмачкі возьмуць на працу гэтых людзей за мінімальныя грошы і раптам 400 тысяч чалавек пераўтворацца ў 20 тысяч. У выніку уся гэтая гульня не будзе каштаваць нават паперы, на якой будзе надрукаваны гэты ўказ”.

Але аўтар праграмы “Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі” перакананы, што сур’ёзна распрацоўваць закон пра працаўладкаванне дармаедаў ніхто не будзе.

“Імітацыя — гэта тое, што вельмі добра робіць спадар Мясніковіч са сваім урадам, — тлумачыць пазіцыю Раманчук. — У 2013 годзе ўжо вяліся размовы пра падатак для тых жа дармаедаў. Але калі яго не ўвялі яшчэ ў 2013 годзе, то ў 2014, ці тым больш у 2015 нічога падобнага не будзе. Бо гэтыя людзі таксама ходзяць галасаваць. А вось калі б Лукашэнка выдаў такі ўказ, што дармаеды пазбаўляюцца права голасу, то гэта быў бы ўжо зусім іншы паварот”.

Непераможныя дармаеды: Колькі разоў кіраўнік дзяржавы браўся за перавыхаванне дармаедаў

Аказваецца, гэта амаль перадвыбарчае абяцанне Лукашэнкі, упершыню агучванае ў кастрычніку 2010 года падчас прэс-канферэнцыі для расійскіх СМІ:

"Не выключаю, што пасля выбараў давядзецца як у савецкія часы прымаць меры, каб людзі працавалі, падымаць дысцыпліну".

Праз год пасля выбараў Лукашэнка ўзяўся за гастарбайтараў, якія па яго меркаванні таксама дармаеды, бо… не плацяць падаткаў.

"Не нясеш сацыяльную нагрузку, дзяржаве не дапамагаеш, давай хоць за камуналку і за медабслугоўванне заплаці. Мы павінны гэтым летунам сказаць: паехаў ты неарганізавана зарабляць у іншую дзяржаву і ў краіну грошы не прыносіш. Едзь, але камунальныя паслугі 100% сям’я аплачвае!”

У 2012 годзе Аляксандр Лукашэнка анансуе будучую адказнасць за дармаедства:

"Мы зспытаем кожнага, хто не працуе, чаму ён не працуе. Думаю, мы гэты рычаг задзейнічаем — кожны павінен працаваць!"

У ліпені 2013-га года прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч ўпершыню прапануе увесці падатак на дармаедства. Тады ж высвятляецца, што ў Беларусі 400 тысяч чалавек не працуюць і не прыносяць карысці дзяржаве. У прэсу нават прасочваецца дакумент — праект указа пра падатак на дармаедства ў памеры 20 базавых велічынь з 2015 года.

І, зразумела, пакаранне за гэта прапанаваў віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік.

"Прапрацоўваем такую магчымасць — індывідуальная сацыяльная картка. Вось прыходзіш ты, да прыкладу, у паліклініку, уводзіш яе ў тэрмінал — на экране адразу ж бачна, што ў апошні год ні ты, ні за цябе ніхто не плаціў у Фонд сацыяльнай абароны. Атрымаеш, вядома, медыцынскую дапамогу, але за асобную плату. Хіба гэта не справядліва? Справядліва".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі