Канстытуцыйны суд пастанавіў знішчаць зношаныя дзяржаўныя сцягі “з павагай”

Канстытуцыйны суд Беларусі прызнаў папраўкі ў закон “Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь” адпаведнымі Канстытуцыі. Такое рашэнне вышэйшы орган судовай улады вынес 30 чэрвеня. Сёння яно было апублікаванае на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, інфармуе БЕЛТА.

Папраўкі ў закон прыняла Палата прадстаўнікоў 11 чэрвеня 2015 года. 23 чэрвеня іх ухваліў Савет Рэспублікі, а затым дакумент падалі на подпіс кіраўніку дзяржавы.

Згодна з папраўкамі ў закон, уводзіцца забарона на размяшчэнне выявы Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь на бланках і пячацях недзяржаўных арганізацый, калі іншае не вызначанае кіраўніком краіны. З пераліку аб’ектаў, на якіх уздымаецца або ўсталёўваецца выява дзяржаўнага герба, выключаюцца памяшканні, а таксама кутнія штампы і бланкі дзяржаўных натарыяльных кантор.

Недзяржаўныя арганізацыі, а таксама натарыусы, якія не маюць статусу дзяржаўных службоўцаў праз пераход на дзейнасць на ўмовах самакіравання і самафінансавання, не павінны выкарыстоўваць дзяржаўную сімволіку, лічаць у Канстытуцыйным судзе. Разам з тым выява дзяржаўнага герба захаваецца на пячацях дзяржаўных натарыусаў.

Апроч таго, папраўкі забараняюць выкарыстанне дзяржаўнага сцяга, які прыйшоў у нягоднасць. Паводле суда, гэтая норма скіраваная на выпрацоўку ў грамадзян і службовых асобаў паважлівага стаўлення да дзяржаўнай сімволікі. Таксама КС звяртае ўвагу на тое, што пры вызначэнні парадку знішчэння сцягоў, якія прыйшлі ў нягоднасць, трэба праяўляць належную павагу да іх.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі