Канцлер Аўстрыі патэлефанаваў Святлане Ціханоўскай, гаварылі аб Сцяпане Латыпаве

Святлана Ціханоўская і Себасцьян Курц пагутарылі па відэасувязі​ / @tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская і Себасцьян Курц пагутарылі па відэасувязі​ / @tsikhanouskaya

Пасля таго, як стала вядома пра спробу суіцыду Сцяпана Латыпава, канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц патэлефанаваў Святлане Ціханоўскай, распавялі ў штабе беларускага палітыка.

Ціханоўская адзначыла, што жыхар Плошчы Пераменаў Сцяпан Латыпаў — "гэта новая ахвяра рэжыму, і з кожным днём іх становіцца ўсё больш". Часу чакаць няма. Яна заклікала Аўстрыю "падтрымаць чацвёрты пакет санкцый і разгледзець пяты".

Ціханоўская таксама падзякавала Курцу за тое, што тэма Беларусі гучала падчас яго нядаўняй размовы з Уладзімірам Пуціным. Яна мяркуе, што беларускі рэжым стаў "таксічным нават для Расіі", і нават там разумеюць, што Лукашэнка страціў падтрымку людзей.

Себасцьян Курц у сваю чаргу пацікавіўся, чым Аўстрыя магла б яшчэ дапамагчы беларусам, акрамя санкцый і праграм падтрымкі. Вена магла б ініцыяваць правядзенне міжнароднай канферэнцыі па рашэнні крызісу ў Беларусі, прапанавала Святлана Ціханоўская.

Сцяпана Латыпава затрымалі яшчэ ў верасні 2020 года. 1 чэрвеня ў Мінску пачаўся суд над ім. Са слоў відавочцаў, пасля перапынку мужчына звярнуўся да бацькі са словамі, што ад яго патрабуюць прызнання віны, а ў адваротным выпадку пагражаюць крымінальнымі справамі ў дачыненні да родных і суседзяў. Пасля гэтага ён уторкнуў шарыкавую ручку ў горла. У несвядомым стане яго забралі ў бальніцу, дзе ён быў праапераваны.

Міністэрства аховы здароўя пазней паведаміла, што "стан 41-гадовага мужчыны, які прычыніў сабе цялесныя пашкоджанні ў зале суда, стабільны".

Латыпава абвінавачваюць па трох артыкулах КК: у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак; у супраціве супрацоўнікам органаў унутраных спраў; а таксама ў махлярстве, учыненым у асабліва буйным памеры.

Праваабаронцы прызналі Сцяпана Латыпава палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі