Пачаўся суд над актывістам з "Плошчы Перамен" Сцяпанам Латыпавым

Сцяпан Латыпаў у судзе / spring96.org
Сцяпан Латыпаў у судзе / spring96.org

У Мінску пачаўся суд над актыўстам з "Плошчы Перамен" Сцяпанам Латыпавым, пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку Яна Марчук. Увесь гэты час яна падтрымлівае сувязь з Латыпавым.

Латыпава затрымалі ў верасні. Калі яго выводзілі з дому, жыхары сустракалі суседа як героя, а міліцыянтам крычалі "Ганьба!". Латыпаў быў адным з тых, хто не даваў сілавікам перафарбоўваць мурал з "дыджэямі перамен" у дварах на вуліцы Чарвякова і актыўна ўдзельнічаў у пратэсным руху.

Першапачаткова беларускае тэлебачанне сцвярджала, што Латыпаў "меў намер апрацаваць атрутнымі рэчывамі іх [супрацоўнікаў міліцыі. — Еўрарадыё] зямельныя ўчасткі і лецішчы, развеяць гэтыя рэчывы паблізу баявых парадкаў АМАПа і ўнутраных войск падчас пратэсных акцый, каб вывесці тых са строю". Але ў выніку абвінавачанне было выстаўлена па зусім іншых артыкулах.

Латыпова абвінавачваюць па трох артыкулах КК РБ: у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак; у супраціве супрацоўнікам органаў унутраных спраў пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку; а таксама ў махлярстве, здзейсненым у асабліва буйным памеры.

Яна Марчук у канцы траўня распавядала ў сябе ў Facebook, што апошні ліст ад Сцяпана Латыпава быў вельмі сумным.

"Ізаляцыя ўсё глыбей і глыбей. Няма больш "Новага часу", няма "Беларусы і рынак", няма тэлебачання, ёсць СБ і разуменне, што ўсё дарма. Лісты ходзяць нядрэнна. [...] Жыццё працягваецца, трэба "перагарнуць гэтую старонку", потым яшчэ адну і яшчэ дзве-тры", — прывяла яна цытату з ліста.

Яна заклікала ўсіх, хто можа, пісаць лісты несправядліва затрыманым і арыштаваным. Гэтыя лісты, паводле яе слоў, "застаюцца адзінай крыніцай надзеі, што ўсё не дарма".

Праваабаронцы прызналі Сцяпана Латыпава палітвязнем. 

У Латыпава рэдкая спецыяльнасць — арбарыст. Ён працаваў у камандзе, якая даглядае і лечыць дарослыя дрэвы, а калі яны паміраюць — пілуе іх.  Пяць гадоў таму арбарыстаў у Беларусі было ўсяго 50 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі