Канцэрт “КРАМЫ” забаранілі з-за “нізкага мастацкага ўзроўню”

Канцэрт-прэзентацыя новага альбома гурта “КРАМА”, запланаваны на 30 траўня ў мінскім клубе NIGHT STAR, забаронены. Пра гэта “Еўрапейскаму радыё” паведаміў адміністратар гурта Павел Кашырын. Паводле яго словаў, дырэкцыя вымушаная была адмовіць гурту ў памяшканні пасля тэлефанавання з “вышэйшай інстанцыі”.
Павел мяркуе, што телефанавалі з упраўлення ідэалогіі Мінгарвыканкаму.

На мінулым тыдні Павел Кашырын сустракаўся з кіраўніком упраўлення
культуры Мінгарвыканкаму Віктарам Курашам. Гэта была чарговая спроба
атрымаць разавую ліцэнзію на правядзенне канцэрту “КРАМЫ”. У ліцэнзіі
Кашырыну адмовілі. Нагодай стала тое, што, на думку ідэолагаў
Мінгарвыканкаму, як музыкі, так і творы гурта “КРАМА” маюць нізкі
мастацкі ўзровень. У той жа вечар і паступіла тэлефанаванне з
выбачэннямі з клуба.

У панядзелак 15 траўня Павел Кашырын напісаў новую заяву на выдачу
разавай ліцэнзіі на правядзенне канцэрта “КРАМЫ” і ў суправаджэнні
карэспандэнта “Еўрарадыё” прыйшоў у кабінет намесніка кіраўніка
ўпраўлення культуры Мінгарвыканкаму Анатоля Сабітава. Гэтым разам
выявілася, што адной заявы недастаткова.


Анатоль Сабітаў
: “Неабходна, каб вы прынеслі не толькі заяву, але і
дамову з кіраўніцтвам установы, дзе вы плануеце праводзіць канцэрт, аб
тым, што яны згодныя ў пэўны дзень і на пэўны час даць вам памяшканне.
А то я вам выдам ліцэнзію, а адміністрацыя клуба, які вы ўказалі ў
сваёй заяўцы, нічога пра канцэрт у іх памяшканні не ведае. Будуць потым
тэлефанаваць мне з прэтэнзіямі”.

Павел Кашырын
: “Дырэктар клуба згодны прадаставіць нам памяшканне. У
нас ёсць дамоўленасць. Але дамову яны з намі будуць падпісваць толькі ў
тым выпадку, калі ў нас будзе ліцэнзія на арганізацыю мерапрыемства”.

Анатоль Сабітаў
: “Гэта вашы праблемы. Выдаць ліцэнзію без падпісанай з адміністрацыяй клуба дамовай я не магу”.


Павел Кашырын
: “Калі заўтра я прыйду да вас не толькі з заявай, але і з
такой дамовай, праблемаў з атрыманнем дазволу на правядзенне канцэрту
не будзе?”



Анатоль Сабітаў
: “Не ведаю. Прыносьце, будзем разглядаць і прымаць рашэнне”.


Павел Кашырын
: “Магчымыя розныя варыянты?”


Анатоль Сабітаў
: “Магчымыя”.


Павел Кашырын
: “Ад чаго гэта залежыць? Гэты чыёсьці асабістае меркаванне?”


Анатоль Сабітаў
: “Рашэнне заўжды прымаецца калегіяльна. Таму што вельмі
сур’ёзная сітуацыя з арганізацыяй канцэртаў у Мінску. Вы б даўно ўжо
ўзялі, ды правялі канцэрт без усялякага дазволу. Некаторыя праводзяць.
Арыштавалі, праўда, цэлую групу…”



Павел Кашырын
: “Вы нам раіце праводзіць канцэрт без дазволу?”



Анатоль Сабітаў
: “Вырашайце самі. Я ж не магу вам сказаць, каб вы
парушалі пастанову Савета міністраў 11.30. Калі вы бераце ліцэнзію,
робіце рэкламу, распаўсюджваеце квіткі – вы становіцеся на афіцыйны
шлях. А так бы сабраліся дзе-небудзь з сябрамі, без усялякіх квіткоў і
прэзентавалі сваю праграму. У мяне вось часта збіраюцца сябры дома,
музіцыруюць”.



Павел Кашырын
: “Вы сказалі, што вырашацца пытанне будзе калегіяльна. Хто будзе ўваходзіць у тую калегію?”

Анатоль Сабітаў
: “Не ведаю. Калі ўзнікнуць пытанні па рэпертуары, па
выканаўчым майстэрстве, то можа быць і створаная камісія. Пытанні
ідэалогіі не апошнія ў нашай дзяржаве. Ідэалогія -- аснова грамадства.
Новага альбома я не чуў, вас і вашых палітычных поглядаў не ведаю.
Ведаю адно, што вы патрыёты сваёй радзімы. Таксама, як і я. Так, что –
прыносьце дамову з клубам -- і будзем разглядаць пытанне”.

Фота — photo.bymedia.net