Камунальнікі патлумачылі, чаму так выраслі сумы ў жыроўках

Плацяжы за камунальныя паслугі за студзень істотна выраслі / Еўрарадыё​
Плацяжы за камунальныя паслугі за студзень істотна выраслі / Еўрарадыё​

Вялікія сумы ў жыроўках за студзень абумоўленыя надвор'ем. Такую выснову можна зрабіць з прэс-рэлізу, апублікаванага на сайце Міністэрства камунальнай гаспадаркі.

У сярэдзіне лютага грамадзяне пачалі атрымліваць квітанцыі на аплату камунальных паслуг за студзень і ўразіліся, наколькі вырас плацёж.

У Мінхілкамгасе ў адказ нагадалі, што "адным з найбольш адчувальных артыкулаў выдаткаў" пры аплаце камунальных з'яўляецца "плата за ацяпленне жылых памяшканняў". А ў студзені было халадней, чым у снежні.

"Так, паводле звестак Белгідрамета, сярэднямесячная тэмпература вонкавага паветра за снежань 2020 года складала мінус 0,5⁰С па рэспубліцы, па Мінску — мінус 1,2⁰С, за студзень 2021 года — мінус 3,7⁰С па рэспубліцы, па Мінску — мінус 4,5⁰С", — адзначылі ў Міністэрстве.

Акрамя таго, павелічэнне плацяжу ў марознае надвор'е можа залежаць і ад іншых фактараў, у тым ліку ад плошчы кватэры, месцазнаходжання дома, яго энергаэфектыўнасці. Так ці інакш, паводле камунальнікаў, расход цеплавой энергіі ў студзені павялічыўся ад пахаладання.

"Да прыкладу, на ацяпленне чатырохпакаёвай кватэры 81,7 кв. м у снежні 2020 года было выдаткавана фактычна 1,4852 Гкал, сума аплаты склала 30,63 рубля, а ў студзені 2021 года на ацяпленне гэтай жа кватэры расход склаў 1,8431 Гкал, сума аплаты склала 38,01 рубля", — прывялі прыклад камунальнікі. У выніку ў студзені за ацяпленне ў параўнанні з снежнем гаспадару кватэры давялося заплаціць на 7,38 рубля.

Раней Мінфін паведамляў, што камуналку ў 2021 годзе будуць павышаць у два этапы — з 1 студзеня і з 1 чэрвеня. Пры гэтым паабяцалі, што агульны рост тарыфаў за год не перавысіць 5 долараў у эквіваленце ў разліку для тыпавой "двушкі" — так прынамсі прадугледжана напрамкамі бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі на 2021-2023 гады.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі