Камісія экспертаў: Пераход ля ГУМа ў задавальняючым стане

“Усё адрамантавалі, не хвалюйцеся. Можаце смела карыстацца гэтым падземным пераходам, там бяспечна”, — супакойваюць у “Гараўтамосце”. Нягледзячы на назву, менавіта гэтая арганізацыя сочыць за станам усіх падземных пераходаў сталіцы.

У падземным пераходзе ў цэнтры Мінска абрынулася столь (фота)

Пераход ля ГУМа палохае СМІ і мінчан перыядычна. Апошні раз гэта здарылася 11 лютага, у дзень пачатку мінскага саміта. Каля 9-й гадзіны раніцы мінакі нечакана заўважылі, што скарыстацца пераходам праблемна — выхады да ГУМа і “Макдональдса” былі літаральна заблакаваныя абрынутай металічнай столлю. Праз некалькі гадзін яе абадралі канчаткова, праз дзень павесілі новую.

Так падземны пераход выглядае цяпер.

Аднак шум у інтэрнэце не сціх — пераходу прыгадалі гісторыю 2012 года, калі блогер Чудзянцоў выклаў у сеціва фота з вялікімі расколінамі ў канструкцыях перахода. “У любы момант лядашчы жалезабетон можа не вытрымаць цяжкага аўтобуса або грузавіка, што едзе па праспекце. І ў гэтым выпадку могуць загінуць дзясяткі людзей — бо гэты падземны пераход з'яўляецца адным з самых загружаных у горадзе”, — пісаў блогер. Допіс у блог ілюстраваўся насамрэч невясёлымі фота, гарадскія ўлады павінныя былі рэагаваць на шум. Зрабілі невялікі рамонт, шчыліны зніклі.

Сёння намеснік кіраўніка “Гараўтамоста” Ігар Вараб’ёў, адказны за ўсе мінскія падземныя пераходы, расказвае Еўрарадыё, што пераход пасля скандалу правярала спецыяльная камісія, і ён знаходзіцца ў задавальняючым стане:

“У нас ёсць заключэнне БелдарНДІ. Мы рабілі туды запыт, выклікалі спецыялістаў на гэты пераход. У нас ёсць афіцыйнае заключэнне, што пераход знаходзіцца ў задавальняючым тэхнічным стане”.

Так што, калі верыць спецыялістам, можна смела карыстацца гэтым падземным пераходам. Хаця нават яго абрушэнне можа для некага стаць добрым знакам. Папулярны ў Беларусі маскоўскі блогер Ілля Варламаў падчас візіту ў Мінск угледзеў у шматлікіх мінскіх падземных пераходах (іх у сталіцы разам з пераходамі пад кальцавой ажно 91) сімвал дыктатуры і таталітарызму ў грамадстве. А значыць, абвал перахода можа пацягнуць за сабой і дэмакратызацыю жыцця, хто ведае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі