Камбінату бацькі Ганны Канапацкай "даравалі" 19,8 млн доўгу

Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў​
Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў​

"Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў" трапіў у спіс прадпрыемстваў, даўгі якога перад бюджэтам будуць рэструктураваныя па ўказе Аляксандра Лукашэнкі  № 166 ад 14 травеня 2020 года. Гаворка ідзе пра 19,8 млн рублёў. Прадпрыемства ажыццявіць дадатковы выпуск акцый на гэтую суму, а ААТ "Агенцтва па кіраванні актывамі" пагасіць яго запазычанасць перад бюджэтам.

Усяго ў пераліку шчасліўчыкаў, якім урад вырашыў дапамагчы з абавязкамі, 24 арганізацыі. "Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў" зацікавіў нас таму, што частка яго акцый належаць сям'і бізнэсоўца Анатоля Трухановіча — бацьку экс-дэпутата і прэтэндэнта на прэзідэнцкае крэсла Ганны Канапацкай.

У інтэрнэце пра сітуацыю пішуць з намёкам. Маўляў, ці не з'яўляецца ўключэнне "Пухавіцкага КХП" у пералік своеасаблівай удзячнасцю за тое, што Канапацкая пагадзілася запоўніць сваім прозвішчам радок у выбарчым бюлетэні? Зрэшты, баксёрскую грушу (ну ці спойлер: што каму больш падабаецца) для Аляксандра Лукашэнкі бачаць у кожным, хто ўдзельнічае ў цяперашніх выбарах. Па словах Ганны Канапацкай, падазрэнні беспадстаўныя.

"Якое дачыненне я маю да Пухавіцкага камбіната хлебапрадуктаў? Мой бацька — адзін з акцыянераў. Спытайце, калі ласка, у другога найбуйнейшага акцыянера — дзяржавы, чаму яна рэструктуруе запазычанасць. Наколькі я ў курсе, там велізарны пералік прадпрыемстваў. 

Рэструктурызацыя — гэта калі, груба кажучы, дзяржава спрабуе выправіць тыя памылкі, у якія яна сама заганяе досыць шмат юрыдычных асоб, занятых у сельскай гаспадарцы", — каментуе Еўрарадыё Ганна Канапацкая.

Анатоль Трухановіч дадае, што "галоўная памылка і парушэнне ўсякіх эканамічных законаў", якую цяпер выпраўляе дзяржава — указ № 399, які выйшаў у сакавіку 2018 года. Ён дазваляў сельскагаспадарчым прадпрыемствам браць адтэрміноўку па даўгах перад іншымі прадпрыемствамі.

"У нас жа якая сітуацыя: мы вінныя дзяржаве, а нам вінныя калгасы. А ўвосень выйшаў 399-ы ўказ, які сказаў, што калгасы нікому нічога не вінныя, даўгі адкладаюцца на 5-8 гадоў. А як жа нам быць? — тлумачыць Анатоль Трухановіч. — Як мы будзем плаціць бюджэту, калі нам не выконваюць СВК, якія звязаны з гэтым указам? Як нам быць? І вось, каб выправіць гэтую памылку, істотны прабел, быў падрыхтаваны такі праект. Гэта не адзін я такі. І калі б не было гэтага ўказа [№ 166. — Еўрарадыё], то было б суцэльнае банкруцтва".

Сям'я Трухановічаў валодае 44% акцый "Пухавіцкага КХП". Таксама ў актывах бацькі экс-дэпутата дзве птушкафабрыкі, у Століне і Івянцы.

Барацьба Ганны Канапацкай за пасаду прэзідэнта таксама стала сямейнай справай. Выбарчы штаб патэнцыйнай кандыдаткі ўзначальвае яе сястра Дар'я Трухановіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі