Вы тут

Каманду пабіў вірус — Крэйг Вудкрафт аб выніках матчу з маскоўскім "Дынама"

Галоўны трэнер хакейнай каманды "Дынама" Мінск Крэйг Вудкрафт / hcdinamo.by

Частка гульцоў "Дынама" Мінск не змагла выйсці на лёд у матчы супраць маскоўскага "Дынама" ў рамках рэгулярнага чэмпіянату КХЛ. Гульня скончылася з лікам 3:7 на карысць масквічоў. Прычынай такой сітуацыі стала хвароба, заявіў на пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер беларускай хакейнай каманды Крэйг Вудкрафт.

"Крыўдна, што каманду пабіў вірус. Безумоўна, нам не хапала гульцоў на лёдзе. Я здымаю капялюш перад тымі, хто сёння выйшаў на лёд і сыграў",  — заявіў ён.

Па яго словах, гэта быў няпроста матч. "Цяпер мы змагаемся з хваробай, якая ў нас ёсць у камандзе", —  прызнаўся трэнер. Ён таксама кашляў падчас размовы з прэсай.

Вудкрафт таксама прызнаўся, што ніколі ў сваёй прафесійнай кар'еры не сутыкаўся з такім, што адбываецца цяпер. "Многія гульцы адчуваюць недамаганне: трэнеры, гульцы, персанал. Праходзім праз цяжкае выпрабаванне", - заявіў ён.

У прэс-службе мінскага клуба нагадалі, што 1 лістапада ўсе хакеісты "зуброў" здалі ПЦР-тэсты і атрымалі адмоўныя вынікі. У сераду членам каманды павінны зрабіць яшчэ адзін тэст, пасля якога будуць прынятыя "якія-небудзь рашэнні", распавёў Вудкрафт. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.