Каманда сына Лукашэнкі выйграла ў хакейным турніры (фота)

У мінскім комплексе "Чыжоўка-Арэна" завяршыўся XIХ гарадскі фінал турніру юных хакеістаў "Залатая шайба" ў малодшай узроставай групе. За перамогу змагаліся хакеісты 2004-2005 гадоў нараджэння. Як паведамляе БЕЛТА, у паядынку за першае месца каманда "Грыфоны" з Цэнтральнага раёна выйграла ў каманды "Мядзведзь" Маскоўскага раёна з лікам 8:2.

За каманду "Грыфоны" гуляе малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі — Мікалай. Ён у вырашальным матчы забіў пяць шайбаў у браму праціўніка.

Дзякуючы перамозе "Грыфоны" прымуць удзел у рэспубліканскім фінале "Залатой шайбы", які пройдзе ў сакавіку. У фінал выйшлі таксама і іх сапернікі — каманда "Мядзведзь", якая заняла другое месца ў гарадскім турніры. Трэцяе месца ў гарадскіх спаборніцтвах дасталася хакеістам каманды "Беркут" Фрунзенскага раёна.

Найлепшым брамнікам турніру прызнаны Дзмітрый Краснухін ("Мядзведзь"), найлепшым абаронцам — Аляксандр Бяляй ("Беркут"), нападнікам — Данііл Мерзлякоў ("Алімпія", Першамайскі раён). Найлепшым бамбардзірам стаў Мікалай Лукашэнка ("Грыфоны").

У старэйшай узроставай групе фінал гарадскога турніру пройдзе 24 лютага.