Каманда Пунтуса згубіла 2 ачкі, БАТЭ зноў можа пайсці ў адрыў

27 чэрвеня прайшлі матчы 11 тура чэмпіянату Беларусі па футболе. МТЗ-РІПО, які ў мінулым туры ў гасцях разграміў лідэра БАТЭ, на сваім полі не змог перайграць «Смаргонь».  Больш таго, мінчукі ледзь зраўнялі лік на апошніх хвілінах матча, а перад тым запісалі на свой рахунак аўтагол.

Нагадаем, што апошнія перамогі МТЗ-РІПО былі атрыманыя ад кіраўніцтвам галоўнага трэнера Андрэя Зыгмантовіча. Зараз жа камандай кіруе Юрый Пунтус, які вырашыў сыйсці з нацыянальнай зборнай.

Нечаканую паразу атрымаў салігорскі «Шахцёр» дома ад «Віцебска» з лікам 1:2. Госці праявілі волю да перамогі, бо гаспадары першыя адкрылі лік (на 6-й хвіліне з пенальці).

Гродзенскі «Нёман» таксама святкаваў перамогу на чужым полі. За шэсць хвілін да фінальнага свістка Аляксандр Алумона забіў адзіны мяч у вароты «Дарыды». «Гомель» з лікам 4:1 разграміў брэсцкае «Дынама». Прычым тры галы на рахунку Рамана Васілюка і ўсе забітыя з гульні.

«Нафтан» і жодзінскае «Тарпеда» згулялі ўнічыю 1:1. Не было забітых мячоў у матчы «Дняпра» і «Мінска». 28 чэрвеня адбудзецца апошні матч 11 тура, згуляюць мінскае «Дынама» і БАТЭ.

Зараз у БАТЭ 24 ачкі (пасля 10 гульняў), МТЗ-РІПО адстае на 3 ачкі, на чатыры ачкі менш у «Нёмана» і «Тарпеда» (усе яны ўжо згулялі па 11 матчаў).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі