Калякін: Улада сёння перайграла дэмакратычныя сілы

Рымашэўскі і Статкевіч не баяцца выйсці з прэзідэнцкай гонкі,Някляеў абмежаваўся словамі падтрымкі, Міхалевіч зусім адмежаваўся ад акцыі, а на думку Сяргея Калякіна, сённяшняя акцыя была на карысць уладзе.

Каля тысячы людзей прыйшлі ўвечары 24 лістапада на Кастрычніцкую плошчу на сустрэчу з кандыдатамі ў прэзідэнты. З 9 апазіцыйных кандыдатаў, нягледзячы на папярэджанне Генпракуратуры, выйсці на плошчу не забаяліся толькі трое – Віталь Рымашэўскі, Мікола Статкевіч і Уладзімір Някляеў.

Яшчэ да пачатку акцыі карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў Віталя Рымашэўскага, ці не баіцца ён за арганізацыю “несанкцыянаванага мітынгу” быць знятым Цэнтрвыбаркамам з прэзідэнцкай гонкі.

Віталь Рымашэўскі: “Сёння пракурор раніцай пужаў мяне такімі-та мерамі, такімі-та мерамі… Я яму сказаў: “Галоўнае, каб не прымянілі меру такую, як да Ганчара, да Захаранкі”. А астатняе мы перажывем!”
Падтрымаў калегу і Мікола Статкевіч.

Мікола Статкевіч: “Адзінае, што мяне сёння непакоіць – гэта каб не было правакацый улады супраць людзей-удзельнікаў акцыі. Каб людзі не пацярпелі. А астатняе мяне не хвалюе”.

Што тычыцца міліцыі, то акрамя шматлікіх праваахоўнікаў у цывільным з відэакамерамі і рацыямі ды “інфармацыйнай групы” пад кіраўніцтвам кіраўніка прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Ластоўскага, яе відаць не было. На плошчы. Затое шмат міліцыянтаў і байцоў АМАПу схавалі двары навакольных дамоў. Праўда, цягам усяго мітынгу яны адтуль так і не паказаліся.
Людзей на Кастрычніцкую плошчу прыйшло нечакана шмат – каля тысячы. З’явіўся на плошчы і старшыня Мінскай гарадской выбарчай камісіі Ігар Карпенка. Паспрабаваў адгаварыць Рымашэўскага і Статкевіча ад правядзення акцыі, але няўдала. 

А ў размове з Еўрарадыё патлумачыў, што па законе праводзіць на Кастрычніцкай плошчы сустрэчы з выбаршчыкамі забаронена. І ўказаў на памылку арганізатараў акцыі.

Ігар Крпенка: “Калі ж яны хацелі гэта правесці як масавае мерапрыемства, то яны павінны былі звярнуцца за 15 дзён у гарвыканкам і патлумачыць яго правядзенне. Але ніякіх заяў не было – ні ў раённыя камісіі, а мы знаходзімся на тэрыторыі Цэнтральнага раёна Мінска, ні ў гарадскую камісію заява не паступала. Таму мы папярэдзілі арганізатараў, што гэта акцыя незаконная і яна можа пацягнуць за сабой адпаведную адказнасць. У залежнасці ад таго, якую дадуць адзнаку праваахоўныя органы і пракуратура”.

Таму, кажа, іх могуць не толькі пазбавіць кандыдацкага пасведчання, але і прыцягнуць да адказнасці.
Тым часам людзей падыходзіла ўсё больш, і каб выступоўцаў было лепш бачна, яны сталі на прыступках Палаца прафсаюзаў. Першым слова ўзяў Зміцер Дашкевіч. І ўцямна патлумачыў, дзеля чаго, уласна кажучы, палітыкі заклікалі людзей на плошчу.
Зміцер Дашкевіч: “Мы сабраліся на мірны мітынг каб сказаць: “Лукашэнка, сыходзь!” Сыходзь сам, не прымушаючы нас выцягваць цябе за каўнер з тваёй рэзідэнцыі! І мы выносім табе сёння апошняе кітайскае папярэджанне!”

А Віталь Рымашэўскі заклікаў людзей верыць не палітыкам ці правадырам, а выключна сабе.

Віталь Рымашэўскі: “Прыйшоў час паверыць у сілы беларускага народа. Прыйшоў час адмовіцца ад гэтых штучных падпорак спадзяванняў на Захад ці на Ўсход. Прыйшоў час, дарагія сябры, паверыць у свае ўласныя сілы. І я заклікаю вас: “Бярыце адказнасць на сябе за гэту краіну!”

Са словамі: “А зараз я перадаю слова самаму мужнаму”, Рымашэўскі павярнуўся і натыкнуўся на Статкевіча і Някляева, якія стаялі побач. Крыху сумеўся, але са словамі: “Мы ўсе тут мужныя” Някляеў забраў у яго мегафон і разрадзіў недарэчнасць. Праўда, у адрозненні ад калег, хваліцца, што не баіцца страціць кандыдацтва не стаў.

Уладзімір Някляеў: “Каб мяне не абвінавацілі ў незаконнай агітацыі і не знялі з прэзідэнцкай кампаніі, я адразу хачу сказаць: “Я не прыйшоў за сябе агітаваць! Я не прыйшоў казаць пра тое, які я моцны, які я мужны, што я буду стаяць да канца”. Я пра гэта не кажу. Я прыйшоў вам сказаць, што я вас паважаю, што я не мог сюды не прыйсці, ведаючы, што на гэтую плошчу прыйшлі людзі, і яшчэ падыдуць, якія паставілі за мяне подпісы і якія будуць за мяне галасаваць”.
І ў якасці праявы сваёй павагі Някляеў прачытаў верш са словамі: “Я прыйшоў, каб вы перамаглі”.

Павал Севярынец, які ўзяў мегафон следам, заклікаў усіх кандыдатаў у прэзідэнты ўзяць у якасці агульнага лозунга: “Лукашэнка – сыходзь!” А Мікола Статкевіч зачытаў зварот “ад імя плошчы” да Цэнтрвыбаркама.

Мікола Статкевіч: “Фальсіфікацыі выбараў адбываюцца пры папярэднім галасаванні і закрытым ад назіральнікаў падліку галасоў. Таму мы звяртаемся да ЦВК і патрабуем: першае – уключыць у кожную ўчастковую выбарчую камісію па прадстаўніку ад кожнага кандыдата ў прэзідэнты з правам подпісу пратаколаў. Другое – адмяніць датэрміновае галасаванне. Трэцяе – падлічваць бюлетэні публічна, прад’яўляючы кожны з іх назіральніку”.

І заклікаў усіх адразу аднесці гэты зварот у ЦВК. Людзі адгукнуліся і рушылі да плошчы Незалежнасці. Ля ГУМа спаткалі Алеся Міхалевіча. Але той адразу адмежаваўся ад акцыі, сказаўшы, што ён тут па сваіх справах.
Дарога да плошчы Незалежнасці прайшла спакойна. Пад воклічы “Жыве Беларусь!” і “Лукашэнка – сыходзь!”. 
Але ля брамы ЦВК калону чакалі людзі ў цывільным, якія патлумачылі, што працоўны дзень скончыўся, і зварот нікому перадаць не выпадае. 
Людзі рушылі да помніка Леніну, дзе працягнулі акцыю мітынгам. Падчас новай прамовы Віталь Рымашэўскі яшчэ раз пацвердзіў, што за “кандыдацтва” не трымаецца.

Віталь Рымашэшскі: “Сёння мне пагражалі, што забяруць гэтую паперку(Пасведчанне кандыдата ў прэзідэнты – ЕРБ). Я кажу Лідзіі Ярмошынай: “Вось гэту рэч я магу табе вярнуць, я яе не цаню!” Я сёння тут, дарагія сябры, таму, што я цаню вашу прысутнасць тут. Бо вы патрэбны мне для перамогі”.
Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў сустаршыні БХД Паўла Севярынца, ці гатовыя хрысціянскія дэмакраты да таго, што іх кандыдата здымуць з выбараў.

Павал Севярынец: “Для нас важныя тыя людзі, якія стаяць тут цяпер. Яны ведаюць, што выбараў няма – ёсць фарс. Таму мы гатовыя на гэты крок”.
У гэты час Мікола Статкевіч пайшоў да Дома ўраду і прыклеіў зварот да шыльды Палаты прадстаўнікоў. І ў гэтым яму ніхто не перашкаджаў. На чым акцыя і скончылася.
Сыходзячы, кіраўнік партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін падзяліўся сваімі ўражаннямі ад акцыі.

Сяргей Калякін: “Гэтыя блуканні па вуліцы туды-сюды невядома навошта для мяне не вельмі зразумелыя. Я не лічу, што гэта ўдалая акцыя. Сёння я ўладам паставіў бы пяцёрку, бо гэта ўлада запіша на сваю карысць. Яна будзе паказваць усёй Еўропе: “Паглядзіце, якая ў нас дэмакратыя! Што вы ад нас хочаце? У вас бы так нідзе не хадзілі – ні па Бруселі, ні па Вашынгтоне. А ў нас дэмакратыя!” Хаця ніякай дэмакратыі няма – гэта паказуха для Захаду. Але ўлада перайграла сёння дэмакратычныя сілы”.

І заўважыў, што для большай “паказухі” нікога з арганізатараў акцыі з выбараў не здымуць.

Таксама па тэме: Апазіцыйныя кандыдаты правялі акцыю ў цэнтры Мінску (ФОТА+ВІДЭА)
Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі