Калядная афіша: Куды пайсці ў выхадныя

Калядная афіша: Куды пайсці ў выхадныя

На носе чатыры выхадных. За гэты час можна і выспацца, і ў царкву схадзіць, і з раднёй сустрэцца, і пакалядаваць. А можна адпачыць культурна. Прапануем 5 імпрэзаў, якія ўздымуць настрой ды пашыраць веды пра зімовыя святы ў Беларусі.

Калядкі з дзеткамі ў Ваньковічаў

Што такое традыцыйныя Каляды з Казой, Механошай, дрэсіраваным смаргонскім Мядзведзем? Раскажа і пакажа гурт Vuraj. А яшчэ зладзіць танцы з песнямі, гульнямі і казкамі. Працягне калядную тэму дзіцячы фолк-тэатр "Вера і Патрыцыя", які прадставіць міні-мюзікл са Спадарыняй Калядой і Козачкай. А дуэт Agata з Ірэнай Катвіцкай і Аляксеем Варсобам завершыць дзею канцэртам з магічных беларускіх песень.

Запрашаюцца дзеці і дарослыя.

Дом Ваньковічаў. 12.00. 7 студзеня.

Квіток: 130 тыс.

 

Калядная афіша: Куды пайсці ў выхадныя

Каляды з гуртом "Палац"

Штогод пачынальнікі беларускага фолк-мадэрну ладзяць канцэрт на Каляды. Бываюць і вялікія канцэрты, а бываюць невялікія, але душэўныя. Вось такі ж душэўны, з класічнымі каляднымі хітамі гурта — "Калядка", "Васілейка", "Заенка", "А ці дома, дома", "Mery Chritmas", адбудзецца і сёлета. Па словах Алега Хаменкі, гурт парадуе новай калядачкай, запросіць на канцэрт Казу і запаліць свечкі.

Запрашаюцца ўсе.

Графіці. 19.00. 7 студзеня

Квіток: 100-150 тыс.

Калядная афіша: Куды пайсці ў выхадныя

Калядная выстава Валянціны Шоба

Падчас доўгіх выхадных можна пазнаёміцца з творчасцю гродзенскай мастачкі. Апроч таго, што карціны Валянціны ездзяць па свеце, іх можна ўбачыць у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

“Можна навучыцца маляваць, але быць мастаком – гэта нешта іншае”, – мяркуе Валянціна. Яе ўласныя працы на дзіва казачныя, яркія, пазітыўныя. Мастачцы цяжка вызначыць стыль, у якім яна працуе. Ёсць любімыя колеры, шмат фактуры, святла і нейкага дзіцячага зачаравання.

Запрашаюцца ўсе.

Дом Ваньковічаў. Аўт-Сб. 10.00-18.00. Да 6 лютага.

Уваход вольны

Калядная афіша: Куды пайсці ў выхадныя

"Калядная ноч у Барселоне"

Яшчэ можна схадзіць у кіно. На іспанскі фільм маладога рэжысёра Дані дэ ла Ардэна з Аляксандрай Хіменес, Алексам Маруні ў ролях. Пра што стужка?

"Магія любоўных перажыванняў пануе ў Барселоне не толькі ў гарачыя летнія ночы, але і ў чароўную зімовую пару. Сямейныя пары і самотныя сэрцы, юныя рамантыкі і шаноўныя сеньёры, загадкавыя красуні і хлопцы "што трэба" ў разгар калядных святаў перажываюць радасць і горыч кахання, губляюць і знаходзяць сваё шчасце. Іх гісторыі складваюцца ў займальную карціну жыцця прыгожага горада, які ў калядную ноч жыве ў чаканні цуду".

Запрашаюцца гледачы ад 16-ці гадоў.

Перамога. 17.00. 21.10 Штодзень да 10 студзеня.

Квіток: 25 тыс.

Калядная афіша: Куды пайсці ў выхадныя

Каляды ў Дзекалах

Калі Мінск з яго гастранамічным кайфам і святочнымі ілюмінацыямі абрыдне, можна падацца ў вёску Дзекалы, што ў Баранавіцкім раёне. Усё, што прапануюць арганізатары тамтэйшых Калядаў, гучыць вееельмі заманліва:

"Вы навучыцеся танчыць мясцовыя танцы, што танчылі нашыя дзяды ды бабулі на вясковых вечарынах: “Кракавяк” з Чортам, “Нарэчаньку” з Казою, “Лысага” з Мядзведзем.  Вы будзеце ўражаныя сваімі здольнасцямі ігры на музычных шумавых інструментах у фальклорным аркестры і адчуеце сябе спеваком беларускіх народных песень. Калі вы прыедзеце з сябрамі, то даведаецеся, хто з вас першы ажэніцца альбо выйдзе замуж альбо з якога боку прыедуць да вас сваты ці ў які бок вы паедзеце сватацца. Акуніцеся ў атмасферу чараў і варажбы. Вы абавязкова атрымаеце падарунак ад гаспадароў сядзібы, якія пачастуюць вас блінамі з гарбатай, пакатаюць на санях, а таксама правядуць экскурсію па кантактным заапарку".

Запрашаюцца ўсе.

Вёска Дзекалы, Баранавіцкі раён. 8, 9, 10 студзеня, 12.00.

Кошт 160 тысяч беларускіх рублёў (у кошт усё ўключана).

Фота з сацыяльных сетак 

Калядная афіша: Куды пайсці ў выхадныя

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі