Каля Калінкавіч п'янага кіроўцу давялося спыняць стрэламі

Уначы 23 снежня супрацоўнікі калінкавіцкай міліцыі (Гомельская вобласць) спрабавалі спыніць у горадзе аўтамабіль "Фольксваген Каравэла". Аднак кіроўца мікрааўтобус не спыніў, павялічыў хуткасць і паехаў у бок Мазыра. Пачалася пагоня. На заклікі спыніць аўтамабіль кіроўца не рэагаваў. Ён не даваў яго абагнаць, манеўраваў з боку ў бок, ствараў на дарозе аварыйныя сітуацыі.

Мужчына змяняў накірунак руху — замест Мазыра ён паехаў у бок Хойнікаў, пасля — у бок Бабруйска, пазней — у Гомель. На дапамогу калінкавіцкім праваахоўнікам прыйшоў экіпаж рэчыцкай міліцыі, з Гомеля выехалі насустрач зламысніку два экіпажы батальёну ДПС ДАІ.

Як інфармуе прэс-служба міліцыі Гомельскай вобласці, убачыўшы падмацаванне праваахоўнікаў, кіроўца развярнуў мікрааўтобус і паехаў у адваротны бок. У гэтай сітуацыі адзін з міліцыянераў пачаў страляць з пісталета па колах. Аднак аўтамабіль спыніўся толькі пасля таго, як былі прабітыя ўсе чатыры колы. Кіроўца спрабаваў уцячы ў лес, але быў затрыманы.

Высветлілася, што "Фольксвагенам" кіраваў 36-гадовы жыхар Калінкавічаў, які быў у стане алкагольнага ап'янення. Раней ён 22 разы прыцягваўся да адказнасці за парушэнні правілаў дарожнага руху. У яго адносінах склалі тры пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Фота — Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі