"Калі не будзе гвалту на Плошчы, Лукашэнка атрымае грошы ад Еўропы"

Еўрарадыё:  - Які Ваш прагноз на паслявыбарчую сітуацыю?

Віталь Сіліцкі: - Нічога з таго, што не прагназавалі б іншыя аналітыкі. Мы маем кансэнсус што да лічбы, якую намалюе сабе Лукашэнка – гэта 75%. Улада прызначыць другое і трэцяе месца, а астатняе будзе ўжо нецікава.

Еўрарадыё: - Вы лічыце, што на Плошчы будзе каля 10 тыс. чалавек?

Віталь Сіліцкі:
- Думаю, так. У параўнанні з тым, колькі збіралася на Плошчы ў апошнія гады, гэта дастаткова многа. У 2006 г., пасля перадапошніх прэзідэнцкіх выбараў,  было больш, але там была іншая маральная сітуацыя ў грамадстве, якая сёння знікла.

Еўрарадыё: - Якая маральная сітуацыя?

Віталь Сіліцкі: - Была выразная лінія падзелу паміж дыктатарскай уладай і дэмакратычнай апазіцыяй. А сёньня 9 кандыдатаў, і амаль 20% насельніцтва не ведае, за каго галасаваць, дагэтуль ходзяць, думаюць, што рабіць. Вы думаеце, гэтыя людзі так лёгка мабілізуюцца на пратэстныя дзеянні? Ды ні фіга.

Еўрарадыё: Апрача гэтых 20%, ёсць яшчэ тыя 20%, якія галасуюць за апазіцыю, за дэмакратыю…

Віталь Сіліцкі:
- На вуліцы выходзяць маральныя людзі, для якіх існуе пэўная сістэма каардынатаў. Яны выходзяць за такія рэчы, як гонар і свабода, як Беларусь. З-за таго выбарчага гармідару, які адбыўся, здэмабілізавалі народ. Грамадства разумее, што з-за 10 кандыдатаў шанцы выйграць зусім малыя.

Еўрарадыё: - Некаторыя аналітыкі і кажуць, што тое, што няма адзінага кандыдата, якраз і прыцягне больш людзей.

Віталь Сіліцкі: -
Практыка пакажа. А вы звярніцеся да тых аналітыкаў заўтра, што яны вам скажуць? У грамадстве няма нават ілюзіі таго, што можа штосьці змяніцца ў палітычным раскладзе. І няма выразнай лініі маральнага падзелу. Людзі (я не кажу тут пра субкультуру паліычных актывістаў) бачаць, што апазіцыя прайграЕ.

Еўрарадыё: -  вы лічыце, што гэтыя выбары прызнаюць?

Віталь Сіліцкі: – Пытаньне пра прызнанне ніколі не задаецца і не стаіць. Яно ёсць толькі ў нашых галовах. Выносіцца меркаванне, адпавядаюць ці не адпавядаюць нашы выбары нейкім дэмарктаычным стандартам. Паглядзіце дакументы: ні ў водным няма такой лексікі: прызнаем ці не. Гэта лексіка нашай апазіцыйнай субкультуры. Будуць ужытыя наступныя выразы: «Нягледзячы на зафіксаваныя парушэнні, быў заўважаны прагрэс у сэнсе лібералізацыі палітычнага клімату і паляпшэння ў практыцы правядзення выбараў». Мой прагноз – мова будзе абсалютна такой. І адсюль кожны робіць уласныя высновы.

Еўрарадыё: - А як гэта адаб'ецца на адносінах Беларусі і Еўразвязу. Ці атрымаем мы грошы, якія абяцала Еўракамісія?

Віталь Сіліцкі: - Вы дакладна не атрымаеце, а вось Лукашэнка можа . Такія высновы адкрыюць пэўныя магчымасці. Але ёсць яшчэ адзін нюанс: ці будзе сёння гвалт. Вось гэтага я не бяруся прадказаць. Калі раптам штосьці сарвецца, уся тая лібералізацыя, якая адбывалася, пойдзе кату пад хвост. Прабачце, ні ў кога не было ніякіх ілюзіяў: Лукашэнка перамагае на гэтых выбарах. А пэўны мінімум, неабходны для таго, каб выканаць умовы, пастаўленыя Еўропай, Лукашэнка выканаў. Ён можа сапсаваць усё, калі пойдзе на гвалт. А калі ўсё пройдзе мірна, паўтараю: прастора для крэдытаў і супрацоўніцтва адкрытая.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі