"Калі атрымаем усяго 16 млн тон нафты, сутыкнемся з глыбокім падзеннем ВУП"

"Калі атрымаем усяго 16 млн тон нафты, сутыкнемся з глыбокім падзеннем ВУП"

За першы квартал 2017 года расіяне плануюць паставіць у Беларусь толькі 4 млн тон нафты. Калі так пойдзе далей, сёлета на беларускія НПЗ прыйдзе толькі 16 млн тон "чорнага золата". Гэта мала нават у параўнанні з 18 млн тон нафты, якія мы набылі ў Расіі ў 2016 годзе. І гэта пры тым, што Беларусь разлічвала на 24 млн тон нафты, а ў гэтым годзе да моманту падпісання новай дамовы дзейнічае леташняе пагадненне.

Дырэктар даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык прыгадвае, як у 2010 годзе, калі перад беларускімі прэзідэнцкімі выбарамі стасункі з Расіяй абвастрыліся, Расія дазволіла Беларусі набыць толькі 14 млн тон нафты. "Калі ў нас [з Расіяй] напружаныя адносіны, нафта — гэта як рычаг з расійскага боку. Трымаць нас у стане нявызначанасці, трымаць нас у стане бясконцых перамоваў наконт таго, колькі нам прададуць нафты, мне здаецца, гэта расійская пазіцыя", — сцвярджае эксперт.

 

Колькі каштуе расійская нафта і чаму Расіі яе шкада?

 

Беларускія НПЗ закупляюць расійскую нафту за долары. Цана тоны нафты вылічваецца па формуле, якая не публікуецца. У 2016 годзе яна складала блізу $180. У прыватнасці, у лютым "Белнафтахім" сцвярджаў, што расійская нафта каштуе $182,63 за тону.

Расія прадае нафту ў Беларусь, не абкладаючы яе экспартнай пошлінай. Памер пошліны штомесяц разлічвае расійскі Мінфін. З 1 студзеня 2017 года яна складае $79,1 за тону.

Расійскія чыноўнікі нярэдка кажуць, што бюджэт РФ нясе страты ад паставак нафты ў Беларусь. Маўляў, калі б пастаўкі адбываліся ў іншую краіну, у бюджэт была б пералічаная пошліна. Адпаведна, скарачэнне паставак нафты ў Беларусь выглядае ў Расіі як эканомія.

 

Колькі Беларусь згубіць за "нафтавую вайну"?

 

Па падліках эканаміста Леаніда Заікі, кожны мільён тон нафты, недапастаўлены з Расіі, каштаваў Беларусі $400 млн. 

Эканаміст Яраслаў Раманчук сцвярджае, што праз скарачэнне ў 2016 годзе паставак расійскай нафты на 6 млн тон Беларусь згубіла прыкладна $1 млрд. То бок на кожным мільёне тон Беларусь згубіла каля $150 млн. 

Старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб ацэньвае страты нашай краіны крыху больш сціпла: "Я не гатовы сцвярджаць, што гаворка ідзе пра мільярд. Але што гэта сотні мільёнаў — з такой ацэнкай я б пагадзіўся".

На думку эксперта, скарачэнне паставак — гэта сур'ёзны ўдар па беларускай эканоміцы: "Гэта балюча б'е па экспарце нашых прадуктаў нафтаперапрацоўкі, па паступленні падаткаў, па паступленні валютнай выручкі ў краіну".

 

Што такое 16 млн тон нафты для Беларусі і які мінімальны парог паставак?

 

У Беларусі два нафтаперапрацоўчыя заводы — у Наваполацку і ў Мазыры. Для поўнай загрузкі ім трэба 30 млн тон "чорнага золата". Чым больш нафты яны перапрацоўваюць, тым больш прыбытку атрымліваюць і тым больш падаткаў плацяць у бюджэт.

Для мінімальнай загрузкі беларускім НПЗ патрэбна 7 млн тон нафты, сцвярджае Леанід Заіка. Такім чынам, пакуль што мы далёка ад парога, за якім у рэальнага сектара пачынаюцца рэальныя праблемы. Што праўда, Леанід Фёдаравіч лічыць, што аб'ём расійскіх паставак нафты ў Беларусь увогуле не мусіць турбаваць звычайных беларусаў: "Калі нафты будзе менш, дырэктар "Нафтана" і шэсць чалавек вышэйшага кіраўніцтва не атрымаюць свае прэміі, ― што да бюджэту, дык эканаміст заўважае, што заводы перакладаюць падаткі на спажыўцоў праз формулу цаны на бензін. ― У выніковым кошце бензіну падаткі складаюць прыкладна 50%".

"Калі атрымаем усяго 16 млн тон нафты, сутыкнемся з глыбокім падзеннем ВУП"

Аляксандр Чубрык звяртае ўвагу на тое, што скарачэнне расійскіх паставак нафты б'е па беларускім экспарце: "16 млн тон — гэта, фактычна, наш гадавы аб'ём экспарту нафтапрадуктаў. У лепшыя гады. Блізу 7 млн тон мы спажываем, і каля 16 млн тон прадаём на экспарт. Гэта калі мы атрымаем ад Расіі 23 млн тон. А калі атрымаем 16 млн тон, Беларусь сутыкнецца з глыбокім падзеннем ВУП".

 

Што будзе, калі Расія працягне скарачаць пастаўкі нафты?

 

"Нафтапрадукты давалі Беларусі да 40% валютнай выручкі, — дадае Леанід Заіка. — Нафтавы рынак — гэта беларускі праклён, бо Беларусь папросту перастала працаваць: рабіць добрыя машыны і выдатныя трактары... Я хацеў бы, каб пастаўкі нафты ў Беларусь былі зніжаныя да 10 млн тон. Нам хопіць 7 млн тон. А астатняе трэба зарабляць мазгамі. Дарэчы, 2017 год — год навукі".

"Калі атрымаем усяго 16 млн тон нафты, сутыкнемся з глыбокім падзеннем ВУП"

"Расійская нафта — гэта рэсурсы, якія мы атрымліваем тут і цяпер. І справа ў тым, што мы не ў той сітуацыі, у якой можам чакаць, напрыклад, пакуль запрацуе нейкая новая эканамічная мадэль. Рэсурсы нам патрэбныя якраз тут і цяпер, — мяркуе Аляксандр Чубрык— Ёсць два выхады з сітуацыі. Першы — знайсці кампраміс з Расіяй. Відавочна, ён будзе суправаджацца дэзынтыграцыяй з Захадам. Другое — дапрацаваць і пачаць праграму з МВФ. Тады мы атрымаем цяжкія ўмовы з гледзішча паставак нафты, але наш выгляд у вачах міжнародных інвестараў палепшыцца. Мы зможам пазычаць грошы па-за межамі Расіі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі