Каб выгнаць Севярынца з дарогі, у Курапаты прыехаў палкоўнік міліцыі

Каб выгнаць Севярынца з дарогі, у Курапаты прыехаў палкоўнік міліцыі

На сустаршыню БХД Паўла Севярынца даішнікі склалі пратакол за тое, што ён выйшаў на праезную частку і паспрабаваў не пусціць машыну на тэрыторыю рэстарана “Паедзем, паядзім”. Установу мусяць адчыніць на днях у 50 метрах ад урочышча і мемарыяла. Праз гэта 1 чэрвеня тут сабраліся актывісты, што выступаюць супраць забаўляльнага месца. Недзе а дванаццатай, пасля таго, як большая частка удзельнікаў акцыі раз’ехалася, у бок будынка рэстарана паехалі грузавыя і легкавыя машыны.

 

“За некалькі гадзін іх праехала тут каля дваццаці, — кажа Зміцер Дашкевіч. — Адзін кіроўца сказаў, што вязе хлеб, таму, думаю, рэстаран хутка адкрыецца (не будзе ж хлеб ляжыць тыдзень). Першыя мышыны яшчэ атрымалася развярнуць, але пасля прыехалі даішнікі. Павел Севярынец выйшаў на дарогу і паспрабаваў не даць праехаць на тэрыторыю рэстарана адной машыне. Пасля гэтага да яго падышоў падпалкоўнік міліцыі Віталь Казлоў і папрасіў адысці. У выніку, на Севярынца склалі пратакол. Мы лічым, што Дзяржава “крышуе” рэстаран у Курапатах. Цікава было б даведацца, хто загадаў самаму палкоўніку Казлову асабіста прасіць актывістаў сысці з дарогі”.

Дарэчы, палкоўнік, пра якога ідзе гаворка, з верасня 2017 года займае пасаду намесніка начальніка УУС Мінскага аблвыканкама — начальніка міліцыі грамадскай бяспекі. 1 чэрвеня ён асабіста прыехаў у Курапаты, каб сачыць за акцыяй.

Актывісты кажуць, што не збіраюцца спыняць пратэст.  Павел Севярынец заявіў, што адзіны выхад для ўладальнікаў будынка — перадаць яго народу для адкрыцця музея сталінскіх рэпрэсій.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі