Вы тут

"Каб паржалі": відэа з прызыўнікамі, якія ламаюць пальцы, аказалася фэйкам

Кадр з відэа

Відэа, у якім два гомельскія хлопцы б'юць сабе малатком па пальцах, каб пазбегнуць прызыву ў войска, аказалася фэйкам. Вось гэты шок-кантэнт, які 16 траўня з'явіўся ў групе "Гомель Online" ва "Укантакце”:

Мы знайшлі гора-ўхілістаў у Інстаграме. Раман называе сябе і свайго сябра Макса "нягоднікамі": маўляў, у войска не бяруць. Тут жа іранічны фотаздымак цэлага пальца.

— Гэтае відэа зроблена ў гумарыстычных мэтах даўным-даўно. Відэа ў стылі "трэш" спрыяе прытоку гледачоў і павелічэнню папулярнасці канала, — распавядае Еўрарадыё Максім. — Зараз выклалі, таму што пачынаецца вясновы прызыў, такі кантэнт актуальны. Таму і падняўся такі рэзананс. Мы нават хацелі звярнуцца з прэтэнзіяй у супольнасці, якія паднялі на нас сваю папулярнасць.

Хлопец сцвярджае, што ў абодвух герояў відэа ўжо ёсць на руках вайсковыя білеты — гэты вясновы заклік ім дакладна не страшны.

Цэлыя пальцы і ваенны білет аднаго з герояў відэа

Тым не менш, на ролік звярнулі ўвагу ў ваенкамаце.

Магчыма, што гэта правакацыйнае відэа, мы гэтага не выключаем. Праверка праводзіцца, вынікі будуць апублікаваныя, як толькі яна завершыцца, — -распавёў Еўрарадыё вайсковы камісар Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў.

На ўсялякі выпадак удакладнім, што ламаць сабе часткі цела, каб не пайсці ў войска, — больш чым па-дурному. Пералом пальца не дапаможа атрымаць ні адтэрміноўку, ні ваенны білет.

За наўмыснае нанясенне сабе цялесных пашкоджанняў з мэтай ухілення ад вайсковай службы можна атрымаць да 5 гадоў пазбаўлення волі — менавіта такое пакаранне прадугледжвае артыкул 435 КК РБ. Паўтара года арміі або 5 гадоў у турме — тут кожны выбірае сам.

Чтобы следить за важными новостями, подпишитесь на канал Еврорадио в Telegram.

Мы каждый день публикуем видео о жизни в Беларуси на Youtube-канале. Подписаться можно здесь.