J:Moрс, Neuro Dubel, ТТ-34 і "Серебряная Свадьба" выдаюць новыя альбомы

Ужо да канца восені новы альбом плануе выдаць J:Морс. Як распавёў Уладзімір Пугач, на дыску будуць як рускамоўныя, так і беларускамоўныя песні.

Уладзімір Пугач: “Я прыдумаў каля 18 песень, але колькі і якія туды трапяць, мы пакуль не вырашылі. Я думаю, што калі ўсё будзе добра, то да канца восені мы яго прэзентуем. Ёсць і працоўная назва, але не буду яе называць, каб не сурочыць. Першы сінгл у прынцыпе ўжо гатовы і ён з’явіцца ўжо да канца верасня”.

Следам за "Морсамі" новы рэліз рыхтуюць і Neuro Dubel. Гурт вырашыў не адыходзіць ад традыцыі і прэзентаваць дыск у лістападзе. Па словах фронтмэна каманды Аляксандра Кулінковіча, з назвай альбома яны яшчэ не вызначыліся, а матэрыял на ім стане больш лёгкім.

Аляксандр Кулінковіч: “Папярэднія нашы альбомы, асабліва “Stasi”, былі нейкія брутальныя. Гэты альбом больш лёгкі, бліжэй да панка, да класікі панка. Ёсць дзве назвы, і на якой з іх мы спынімся, не ведаю. Гэта “Аўтары праўды” ці “Музыка для кліентаў”.

Запісам новага альбома заняліся і іншыя класікі айчыннага рока. “Крама” нарэшце пачала працу ў студыі. Але як распавёў лідар калектыву Ігар Варашкевіч, пакуль штосьці казаць рана. Вядома толькі, што на альбоме будуць дзве песні, якія выконваліся раней – гэта “Дзяўчынка са шклянымі вачамі” і тэма з умоўнай назвай “З новым годам”.

А вось прадстаўнік адразу некалькіх музычных праектаў Лявон Вольскі пакуль рыхтуе толькі інтэрнэт-сінгл разам з музыкамі “Крамбамбулі”.

Лявон Вольскі: “Гэта тры песні. Пазітыў у стылі “Крамбамбулі”, а музычна яны крышку цяжкаватыя, больш пост-панку з’явілася. І чацвёрты бонус – гэта “Раз, два, тры, усе за стол”, толькі у дыксіленд-версіі”.

Парадуюць новым альбомам і "Серебряная Свадьба". Іх дыск пад назвай “Сердечная мускулатура” выйдзе ў кастрычніку, распавёў Еўрарадыё менеджар калектыву Аляксандр Багданаў (Papa Bo):

“Серебряная Свадьба” выйдзе ў сярэдзіне кастрычніка. Цяпер вядуцца перамовы з расійскім лейблам “Саюз” на даволі шырокае выданне і шырокую дыстрыб’юцыю па ўсім СНД".

Самі музыкі прызналіся, што сур’ёзна папрацавалі у студыі над аранжыраваннем і наступным запісам песень. І калі першы альбом гурта прысвечаны энергетыцы жывога гуку, то на другім музыкі імкнуліся да дакладнасці ў запісах і дбайнага звядзення.

Прыкладна такая ж сітуацыя з гуртом “Гурзуф”, які ўжо таксама запісаў новы дыск. Музыкі правялі ў студыі шмат часу, запісалі дадатковыя інструменты, аднак ніякіх падрабязнасцяў пра новы альбом пакуль не раскрываюць.

У апошні тыдзень кастрычніка чакаецца і новы дыск “Касіяпеі” “Стивен Кинг и мы”. Ён выйдзе на лейбле Snegiri Music.

Аляксандр Багданаў: “На дыск трапяць 11 песень, 5 ці 6 з якіх абсалютна новыя, то бок яны не запісаныя, не выдадзеныя і не выкладзеныя, – распавядае Papa Bo. – Астатнія – гэта іншыя аранжыроўкі старых песень, яшчэ сярэдзіны 90-х гадоў, пра якія ўжо ўсе забыліся, але яны добрыя, і не хацелася б згубіць гэты матэрыял. Таму іх перааранжыравалі і вырашылі выдаць на гэтым альбоме”.

Вядома таксама, што да лістапада мусіць з’явіцца альбом гурта "Петля пристрастия", які амаль цалкам змяніў свой склад. Праца над дыскам вядзецца на мінскай студыі Mapletree, і ўжо запісана прыкладна 70% матэрыялу. Як распавёў гітарыст калектыву Іван Селішчаў, 11 трэкаў, якія трапяць на дыск, будуць радыкальна адрознівацца ад дэбютнай кружэлкі. Дарэчы, альбом плануецца назваць - "Гипнопедия", што азначае методыку навучання падчас сну.

Як ужо паведамлялася раней, свой першы альбом за 5 гадоў маўчання вырашылі выдаць гамяльчане з “ТТ-34”. Новы дыск цікавы яшчэ і тым, што над ім працуе новы вакаліст.

І гэта далёка не ўсе рэлізы, якія сёлета чакаюцца ад беларускіх музыкаў. Але назваць дакладную колькасць новых альбомаў амаль немагчыма, хоць бы з-за таго, што музыкі самі не ведаюць, ці паспеюць выдаць дыск да канца года.

Фота: jmors.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі