Вы тут

"Івацэвічдрэву" дадуць бюджэтную пазыку ў 300 мільярдаў рублёў

ААТ "Івацэвічдрэў" атрымае бюджэтную пазыку ў 300 млрд рублёў. Адпаведнае рашэнне прынятае пастановай Саўміна №358 ад 4 траўня, інфармуе БЕЛТА.

Пазыка будзе выдадзеная за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на бюджэтныя крэдыты і пазыкі. Паведамляецца, што пазыка вылучаецца для папаўнення абаротных сродкаў. Вярнуць пазыку прадпрыемства павінна з 1 красавіка 2018 года па 31 сакавіка 2019 года. Адсоткі за карыстанне ім вызначаныя ў памеры стаўкі рэфінансавання Нацбанка, якая дзейнічае на дзень налiчэння працэнадсоткаў за карыстанне бюджэтнай пазыкай.

Графік вяртання сродкаў узгоднены з Міністэрствам фінансаў. Умова для выдачы сродкаў — дасягненне прадпрыемствам штогод у 2016-2019 гадах даведзеных "Беллеспаперапрамам" паказчыкаў па выручцы ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў (работ, паслуг) і па даданай вартасці ў разліку на аднаго сярэдняспіскавага работніка.

ААТ "Івацэвічдрэў" уваходзіць у склад канцэрна "Беллеспаперапрам" і з'яўляецца адным з найбуйнейшых у Беларусі вытворцам драўнянастружкавых пліт (ДСП).

Прадпрыемства было мадэрнізаванае ў рамках мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны. Раней паведамлялася што з 2008 па 2013 год "Івацэвічдрэў" атрымаў 34 крэдыты на 111 506 823,7 еўра, 147 551 728,79 расійскіх рублёў, 171 031,36 долараў ЗША.