Італія растлумачыла, чаму выдала візу расійскаму спеваку Кабзону

У міністэрстве замежных справаў Італіі распавялі пра выдачу візы расійскаму спеваку і дэпутату Іосіфу Кабзону, які ўключаны ў санкцыйны спіс ЕС. Паводле прадстаўніка міністэрства, візу выдалі з гуманітарных меркаванняў. У ведамстве падкрэсліваюць, што гэты выпадак выключны і не мае палітычнага грунту.

Кабзону выдалі нацыянальную візу, якая дазваляе знаходзіцца толькі на тэрыторыі Італіі. Апроч таго, выдача дазволу на ўезд была ўзгодненая з іншымі краінамі-сябрамі Еўрасаюза. Калі б хоць адна дзяржава выступіла супраць, расійскі артыст атрымаў бы адмову, паведамляюць замежныя СМІ.

Іосіф Кабзон выказваў падтрымку палітыцы Крамля ў дачыненні Украіны. Ён наведваў з канцэртамі акупаваныя тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей і падтрымліваў прарасійскіх сепаратыстаў.

Ужо некалькі гадоў Кабзон змагаецца з ракам прастаты і перыядычна выязджае за мяжу на лекаванне. Пасля ўнясення ў “чорны спіс” такія паездкі зрабіліся для яго праблематычнымі.

Фота: m.rusnext.ru