Вы тут

Іспанскі стрытарцер Deih: Цяпер самы час рэабілітаваць знак сонца

Ярыла на Рабкораўскай, 13 у Мінску падобны да касманаўта. Ён слухае музыку і з элементарных часцінак стварае сонца і вясну.

“Унутры атама знаходзяцца кваркі, каб паказаць, што ўся матэрыя створаная з гэтага”, — тлумачыць іспанскі вулічны мастак Deih.

23 траўня Deih паляцеў дадому ў Валенсію, пакінуўшы ў Мінску новы мурал з выявай старажытнага бога Ярылы. Перад тым, як намаляваць графіці, мастак вывучае беларускую міфалогію і паганства. А потым спалучае гэта з уласным, фантастычным стылем.

“Выбраў тыя сімвалы, што мне падабаліся: сонца, багацце, жыццё, вясну, — распавядае Deih. — Самае цікавае ў вашых сімвалах — ўсе яны пазітыўныя, няма нейкіх негатыўных канатацый кшталту смерці. Мне падабаецца, што ўсе яны прысвечаныя чалавеку, сонцу, сям'і”.

Праўда, веруючыя інтэрнэт-каментатары ўжо выказваюць прэтэнзіі, маўляў, мы ж хрысціяне, паганскі бог нам не патрэбны. Іншыя бачаць у арнаментах не “жыццё” і “сям’ю”, а свастыку. Deih мяркуе, што сімвал сонца быў скрадзены нацыстамі і выкарыстаны са злой мэтай.

“Можа быць, цяпер самы час рэабілітаваць гэты знак і глядзець менавіта на першае добрае значэнне, — перакананы стрытарцер. — Калі я быў у Ісландыі, я даследаваў іх руны. Яны вельмі паўплывалі на мяне, змянілі маё ўяўленне пра свет, і я буду іх выкарыстоўваць і далей, так жа, як і вашы беларускія сімвалы. Усе сімвалы ў свеце падобныя”.

Deih трымае альбом "Зімачка" гурта "Троіца" — падарунак Еўрарадыё

Пакуль размаўляем з Давідам, да сцяны падыходзяць мінакі. Фатаграфуюць працу, глядзяць, задраўшы галаву.

“Праца добрая, але трэба яшчэ растлумачыць, што гэта такое і хто гэта такі. Я, напрыклад, чуў пра Ярылу, але нідзе яго не бачыў. Таму трэба патлумачыць, бо не зразумеюць, паставяцца, як да нейкай фантазіі”, — перакананы мужчына гадоў 50-ці, Аляксандр.

Наталля бачыць Ярылу з вокнаў сваёй кватэры, ідэю мастака разумее:

“Вельмі падабаецца. Тут яркія колеры і ідэя мне зразумелая: наш беларускі Бог прыроды. Цікавы погляд, дзякуй”.

Па словах мастака, мінскі Ярыла на сёння яго самы маштабны мурал. Ён намаляваны ў межах фестывалю Urban Myths, дзякуючы якому летась у Мінску з’явілася сем новых графіці. Праект можна падтрымаць фінансава. Падрабязнасці — тут.