Іспанія блакуе мяжу з Гібралтарам і хоча браць 50 еўра за яе перасячэнне

Паўвостраў Гібралтар на Пірэнеях нечакана абвастрыў стасункі паміж Іспаніяй і Вялікабрытаніяй. Іспанскі ўрад узмацніў памежны кантроль на мяжы з тэрыторыяй, што адносіцца да Вялікабрытаніі. Фармальная прычына — усталяванне Гібралтарам бетоннага рыфа ля сваіх берагоў. Ён будзе перашкаджаць іспанскім рыбакам, кажуць у Іспаніі. Як меру ў адказ міністр замежных спраў краіны Хасэ Гарсіа Маргальа прапануе ўвесці плату ў 50 еўра за перасячэнне мяжы з Гібралтарам.

“Спадар Гарсіа Маргальа сцвярджае, што Іспанія можа не дазволіць рэйсы праз сваю паветраную прастору і што можа змяніць закон, каб анлайн-кампаніі з заморскай брытанскай тэрыторыі, што працуюць у Іспаніі, карысталіся мясцовымі серверамі. Тады яны падпадуць пад іспанскую сістэму падаткаабкладання”, — The Independent пералічвае, як далёка можа зайсці Іспанія ў сваіх патрабаваннях.

Калі гэта ўсё здзейсніцца, гэта будзе сапраўдны ўдар па 30-тысячным паўвостраве, які, у асноўным, жыве за кошт турызма, гульнявога бізнесу і афшорных банкаў. Таксама іспанскія ўлады могуць зацікавіцца, як ідуць справы з падаткамі ў 6 тысяч гібралтарцаў, што валодаюць нерухомасцю ў Іспаніі.

Пытанне з паўвостравам і раней стварала напружанасць, але апошні сацыялістычны ўрад Іспаніі меў даволі лаяльную пазіцыю па ім. Цяперашні ж, правы, успомніў былыя прэтэнзіі, а Хасэ Гарсіа Маргальа сказаў, што “вечарына скончылася”.

Тым часам Вялікабрытанія чакае тлумачэнняў.

"Відавочна, мы па-ранейшаму сур'ёзна занепакоеныя падзеямі на іспанска-гібралтарскай мяжы, кажа прадстаўнік Даўнінг-стрыт. Напрыклад, іспанскія ўлады не падымалі пытання падзелу выдаткаў з намі. Мы шукаем тлумачэнне ад іх у сувязі з паведамленнямі, што яны могуць накіраваць супраць Гібралтара далейшыя меры".

Але пры ўсім гэтым Лондан не збіраецца ісці ні на які кампраміс у справе суверэнітэта Гібралтара. У той час як прэм’ер Гібралтара Фабіас Пікарда не баіцца выкарыстоўваць рэзкія выразы, каментуючы заявы іспанскага міністра замежных спраў:

“Ён бразгае зброяй, як Паўночная Карэя. Гэта амаль прымушае адчуваць сябе, як быццам вы слухаеце прамову Франка ў 1950-60-х гадах”.

Фабіас Пікарда сцвярджае, што Гібралтар заўжды выкарыстоўваўся іспанскімі палітыкамі, каб адцягнуць увагу, калі справы ідуць не вельмі добра. Тым больш гэта актуальна зараз, калі ў Іспаніі адбываецца карупцыйны крызіс, а былы казначэй кіруючай партыі прэм’ера Марыяна Рахоя знаходзіцца ў турме.

Варта дадаць, што Гібралтар быў прызнаны брытанскай тэрыторыяй у 1713 годзе. Паўвостраў з’яўляецца цалкам самастойным, за выключэннем пытанняў знешняй палітыкі і абароны.

Фота: deviajeporinglaterra.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі