Ірына Дарафеева падскочыла ад нечаканасці, пабачыўшы свой плакат

Яе твар будзе замест “замызганых францужанак” на бігбордах. Бігборды з тварам спявачкі Ірыны Дарафеевай – сацыяльная рэклама, такая ж, як рэклама правілаў дарожнага руху ці ёдаванай солі. Гэта значыць, што іх мусяць бясплатна ўсталёўваць фірмы, калі ім прыходзіць такое распараджэнне ад “Мінскгараздаблення”.

Перад Днём незалежнасці “Дарафеевых” становіцца ўсё больш, асабліва на праспектах і выездах з гораду. Фірмам, якія валодаюць бігбордамі, дасылаюць лісты з пералікам вуліц і перыядам размяшчэння рэкламы. Сама Ірына Дарафеева кажа, што нічога спецыяльнага для такой кампаніі не рабіла, але ёй надзвычай прыемна быць разам з краінай.

Ірына Дарафеева:
“Я сама бачыла толькі адзін плакат, учора ў краме, падскочыла ад нечаканасці. Канешне, мне прыемна. Галоўнае, каб гэта выглядала прыгожа і годна, бо наперадзе такія святы – Дзень незалежнасці, Дзень гораду.

Мне прыемна быць разам са сваёй краінай. Для гэтых бігбордаў мною нічога спецыяльна не рабілася: фотаздымкі былі, некаторыя з дыска, з кліпу… Проста была такая прапанова ад Міністэрства інфармацыі, каб твар Ірыны Дарафеевай быў на такіх плакатах”.

Колькі такіх бігбордаў у горадзе – страшная тайна, якую Еўрарадыё не раскрылі ні ў “Мінскгараздабленні”, ні ў буйных фірмах.

“Мінскгараздабленне”: “Мы такую інфармацыю не дамо. Пішыце пісьмовы запрыт, ці, лепш, звяртайцеся да самой Ірыны Дарафеевай. Вы ў “ідэалогію” званілі? Яны мусяць валодаць гэтай інфармацыяй, з імі ўзгаднялі. Гэта інфармацыя не для распаўсюду. Мы выконвалі, нам было даведзена да ведама, і ўсё”.

Размясціць сваю рэкламу на праспекце ці каля яго каштуе для беларускай фірмы каля 300 долараў за месяц. Па Законе аб рэкламе сацыяльная рэклама мусіць займаць 5 % ад усёй рэкламы. У беларускіх фірмах кажуць, што яна займае ад 5 да 10 %, і часам гэта звязана з нечаканымі распараджэннямі, а часам (звычайна ў жніўні) з недахопам рэкламы камерцыйнай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі