Іранец з COVID-19 распавёў, што ў бацькі яго нявесты сумнеўны аналіз

Скрыншот з відэа
Скрыншот з відэа

Студэнты БНТУ запісалі відэа са сваім аднагрупнікам з Ірана Парсай, у якога першым у Беларусі знайшлі новы каранавірус. На запісы іранскі студэнт, які знаходзіцца цяпер у мінскай інфекцыйнай бальніцы, распавёў, як прыляцеў у Беларусь, калі адчуў недамаганне і як яго лечаць у Мінску. Таксама ён паведаміў, што ў лекараў ўзніклі падазрэнні на наяўнасць віруса ў бацькі ягонай беларускай нявесты, хоць у самой дзяўчыны аналізы адмоўныя.

Па словах Парсы, ён прыляцеў у Мінск каля тыдня таму. Ён звярнуўся ў паліклініку ў чацвер, атрымаўшы паведамленне з візавага цэнтра. Адтуль яго прывезлі ў інфекцыйную бальніцу, узялі там аналізы і адпусцілі дадому, паколькі тэмпература была мінімальнай і адчуваў ён сябе добра. Ужо ноччу яго на машыне хуткай дапамогі прывезлі назад у бальніцу і там паведамілі, што ён заражаны COVID-19.

Зараз на самаадчуванне іранец не скардзіцца, тэмпература ўжо ў норме, застаўся толькі кашаль. "Прымаю лекі. Мне даюць, астатнім не. Таблеткі нейкія і раствор — два разы на дзень. Ёсць у мяне трохі кашлю, але гэта з дзяцінства — хварэю астмай. Проста адчуваю сябе прастыўшым", — кажа ён.

Ва ўсіх яго блізкіх аналізы на новы каранавірус адмоўныя, толькі з будучым цесцем паўсталі пытанні, распавёў Парса. "Бацька маёй дзяўчыны хварэў яшчэ да майго адлёту. Гэта было нешта накшталт грыпу. Лекары не ведаюць. Кажуць, можа, ты ад яго заразіўся, можа, ён ад цябе. Яны паглядзяць дакладныя аналізы", — кажа іранец. Зараз, паводле яго слоў, будучы цесць адчувае сябе добра, тэмпература ў межах нормы, але яму прызначылі дадатковыя аналізы і трымаюць у ізаляваным боксе, як і самога Парсу.

Студэнт кажа, што яму цяпер маральна вельмі цяжка. "Я адчуваю сябе вінаватым. Калі б ведаў, што сітуацыя так ідзе, адразу ж бы пайшоў у паліклініку ... Шчыра, я больш за вас усіх хвалююся. Няма за сябе, а за вас. Калі я каго-то заразіў, гэта вельмі вялікая адказнасць для мяне", — сказаў Парса.

Што тычыцца бацькі ягонай нявесты, то ў Міністэрстве аховы здароўя паведамілі, што адзін з яго аналізаў даў сумнеўны вынік: "Бацька знаходзіцца пад падазрэннем. Клінічнай карціны няма, але адзін з тэстаў даў сумніўны вынік. У сувязі з гэтым лабараторныя дадзеныя зараз пераправяраць".

Першы выпадак COVID-19 у Беларусі выявілі ў ноч на пятніцу, 28 лютага. Медыкі шпіталізавалі самага Парсу і людзей з яго атачэння — блізкіх, аднагрупнікаў і выкладчыкаў БНТУ. Па афіцыйных даных Міністэрства аховы здароўя на сярэдзіну дня 29 лютага, ні ў каго з шпіталізаваных новы каранавірус больш не дыягнаставаны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі