Рэвалюцыя хіджабаў: чаму Іран стаўся ахоплены пратэстамі

Пратэст у Тэгеране / AFP

22-гадовая Махса Аміні памерла ў лякарні Тэгерана 16 верасня. За тры дні да гэтага яе, студэнтку, якая марыла стаць юрысткай, затрымала іранская паліцыя. Прычына: парушэнне правілаў нашэння хіджаба. Як казалі сведкі, паліцэйскія жорстка збілі дзяўчыну — у выніку яна ўпала ў каму.

Трагедыя стала каталізатарам незадаволенасці іранцаў рэжымам у краіне — першыя пратэсты пачаліся ўжо ў часе пахавання Махсы ў яе родным Секезе (Курдыстан).
 

У рэвалюцыі жаночае аблічча

У часе пахавання дзяўчыны прысутныя жанчыны пачалі зрываць хіджабы і крычаць "Смерць дыктатару".

Дзяўчыны на акцыі / AFP
Протест в Тегеране / AFP

Пасля пахавання частка прысутных вырашыла не разыходзіцца: яны зладзілі імправізаваны мітынг. Асноўнае патрабаванне — падрабязнае расследаванне трагедыі, але таксама гучалі і ў цэлым лозунгі супраць уладаў і іх палітыкі, у тым ліку ў плане "паліцыі нораваў".

Жанчыны не проста зрывалі хіджабы: яны палілі іх, а потым стрыглі сабе валасы. У тым ліку дзякуючы гэтаму пра пратэсты даведаўся ўвесь свет: тыкток запоўнілі відэа ад іранскіх дзяўчат — і ім сталі спачуваць мільёны.

Вельмі хутка пратэсты распаўсюдзіліся: яны былі ўжо не толькі ў правінцыі Курдыстан, але і амаль па ўсім Іране.
 

"Жанчыны, жыццё, свабода"

Пратэстуюць не толькі жанчыны: шмат падтрымкі патрабаванні атрымліваюць і ад мужчын. І вельмі часта гэта моладзь: некаторыя заходнія каментатары ўжо назвалі пратэсты "рэвалюцыяй зумераў". Выходзяць на іх нават старшакласнікі.

На жаль, у кастрычніку свет даведаўся пра яшчэ два "абліччы" гэтых акцый. 16-гадовыя Ніка Шакарамі і Сарына Эсмаілзадэ падтрымалі пратэст, а потым зніклі. Праз колькі часу іх целы былі вернутыя сем'ям: адной іранскія службы бяспекі праламалі чэрап, другой — раскалолі галаву дручком.

Партрэты дзяўчат з'яўляюцца на плакатах, якія таемна расклейваюць у дзясятках гарадоў начамі. Іх імёны сталі лозунгамі — цяпер пратэстоўцы выходзяць яшчэ і за іх.

Пратэст студэнтаў / AFP
Протест в Тегеране / AFP

Шмат падлеткаў былі затрыманыя паліцыяй, а 28 з іх, па звестках камітэта па абароне дзяцей, забітыя пасля ўдзелу ў акцыях. Пра занепакоенасць у сувязі з гэтым заявіла і ЮНІСЕФ. Але пратэсты не сціхаюць: у школах і ўніверсітэтах праходзяць акцыі, маладыя людзі рвуць партрэты аяталы Хамейні. Пасля затрыманняў некаторых адпраўляюць у псіхіятрычныя лякарні — як заявіў іранскі міністр адукацыі, для "выпраўлення паводзін".

"Жанчыны, жыццё, свабода" — адзін з галоўных лозунгаў пратэстаў. Іранцы выходзяць з ім, нягледзячы на масавыя рэпрэсіі, ужо месяц.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.