Іосіф Сярэдзіч здзіўлены зменай курсу "Народнай Волі"

Іосіф Сярэдзіч

Іосіф Сярэдзіч / RFE/RL

Праз месяц пасля сыходу Іосіфа Сярэдзіча з пасады галоўнага рэдактара газета "Народная Воля" змяніла палітычны курс у бок так званай "нармалізацыі". Гэта выклікала шырокі розгалас.

Каментуючы апошнія падзеі, Сярэдзіч заявіў, што фраза "перакупленая "Народная Воля" перайшла на лукашэнкаўскія пазіцыі" некарэктная. Па яго словах, ніхто сайт не перакупляў.

"Так атрымалася, што даменнае імя сайта УП "Народная Воля" я перадаў таварыству з абмежаванай адказнасцю "Гіпер ПК" бясплатна. Ніводнай капейкі ніхто не пералічыў ні на рахунак рэдакцыі "Народнай Волі", ніводная капейка не трапіла ў маю кішэню", — кажа Сярэдзіч.

Ён падкрэслівае, што перадача даменнага імя адбывалася пры ўмове, што кантэнтам па-ранейшаму будуць займацца журналісты, якія ўваходзілі ў штат рэдакцыі. Але адзін з кіраўнікоў кампаніі "Гіпер ПК" адхіліў журналістаў ад працы і сам стаў напаўняць інфармацыйную стужку сайта. Прычым гэты чалавек не з'яўляецца прафесійным журналістам.

"Я не маю да кантэнту ніякага дачынення і не маю права нічога дыктаваць цяперашняму ўласніку сайта", — кажа Сярэдзіч. Пры гэтым ён заяўляе, што намераны дзейнічаць, каб "аднавіць законнасць".

Газета "Народная Воля" выходзіла з ліпеня 1995 года. Ад пачатку яе галоўным рэдактарам быў Сярэдзіч. Апошнім часам газета перайшла ў інтэрнэт, бо ўлады пазбавілі яе магчымасці друкавацца на паперы. На пачатку жніўня 2023 года Сярэдзіч заявіў, што пакідае выданне праз праблемы са здароўем.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі