Інтэрнэт-гандляры могуць прызначаць які заўгодна “курс долара”

Пасля навагодняга абвалу рубля курс долара ў інтэрнэт-крамах пачаў вельмі адрознівацца ад афіцыйнага. З турфірмамі прыйдзецца разлічвацца, напэўна, па самым вялікім курсе. Іх цэны залежаць ад таго, які курс ім выстаўляе аператар па той ці іншай краіне. Напрыклад, каб паехаць зараз у Егіпет, разлічыцца трэба будзе па курсе 3 250 беларускіх рублёў за долар, распавялі Еўрарадыё у турфірме "Экатур-6".

"Экатур-6": У сувязі з падвышэннем курсу долару на пачатку студзеня аператар рэзка падвысіў свой курс. Зараз ён пастаянна змяняецца. Цяпер курс - 3 250, але спадзяюся, што хутка ён зменшыцца і будзе бліжэй да рэчаіснасці.

Пасля такога курсу запыты інтэрнэт-крамаў пададуцца вельмі сціплымі. Але і тут курс перавышае афіцыйны рублёў на 100. Вось што нам адказалі ў адной з такіх крамаў.

Інтэрнэт-крама: Наш курс 2800. Калі жадаеце даведацца, чаму у нас такі курс высокі, даведайцеся спачатку, чаму ў Нацбанку такі курс высокі.

У Камітэце дзяржкантролю, які, падавалася б, кантралюе ўсё, пытаннем курса ў інтэрнэт-крамах не займаюцца. "Тэлефануйце у Нацбанк", - адказалі Еўрарадыё ў Камітэце.

І мы, натуральна, вырашылі даведацца ў Нацбанку, што за фокусы вырабляюць беларускія гандляры. Але там распавялі, што ніякія гэта не фокусы, а "ўмоўныя адзінкі". У іх можна весці разлік, а калі разлічвацца у доларах, канфіскуюць тавар ды накладуць штраф, гаворыць намеснік начальніка ўпраўлення валютнага кантролю Нацбанку па г. Мінску.

Нацбанк:
Калі вы будзеце расплочвацца ў валюце, то гэта незаконная валютная аперацыя. Атрымаеце штраф і тавар канфіскуюць. Але, як я разумею, цану вам называюць у беларускіх рублях. Гэта ў іх такі спосаб азначэння коштаў - праз умоўныя адзінкі.

Эканаміст Аляксандр Чубрык распавёў Еўрарадыё, што умоўныя адзінкі, у якіх вядуць разлік інтэрнэт-крамы ды турфірмы, прама не звязаныя з доларам. Кожны з гандляроў можа вызначыць які заўгодна курс - і не панясе за гэта ніякай адказнасці.

Аляксандр Чубрык: Яны не завышаюць курс. Яны ж не гандлююць валютай. Яны прадаюць тавары і паслугі. Там няма долараў, еўра ды іншага, там ёсць умоўныя адзінкі. А якім будзе курс умоўнай адзінкі, вырашае кожны прадавец сам для сябе. Гэта банкі могуць завышаць ці заніжаць курс, а інтэрнэт-крамы ды іншыя не могуць. Яны ўстанавілі такі курс, каб быць гатовымі да наступных неспадзяваных дзеянняў Нацыянальнага банку.

Вось і атрымоўваецца, што прыцягнуць да адказнасці гэтыя інтэрнэт-крамы можна будзе толькі калі Нацыянальны банк пачне вызначаць у дадатак да курса долара яшчэ і курс умоўнай адзінкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі