Вы тут

"Інсайды" з Тэлеграма да візіту Болтана: што фэйк, а што блізка да праўды

Джон Болтан / Reuters

29 жніўня ў Мінск прыедзе дарадца прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан. Гэта самы высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік, які прылятае ў Беларусь, за апошнія 25 гадоў. Калісьці да нас прыязджаў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, але гэта было вельмі даўно, у пачатку 1990-х.

У адміністрацыі Трампа паведамілі, што ў Болтана запланавана сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. Прарасійскія тэлеграм-каналы застракацелі "інсайдамі" аб татальнай дэрусіфікацыі Беларусі, новай дузе ўплыву, паказальным выдушванні з нашай краіны кітайскага капіталу і г. д. Мы вырашылі разабрацца, дзе пішуць адкрытую лухту, а дзе — лухта, якая ўсё-ткі мяжуе з рэальнасцю.

"Эмацыянальна афарбаваная лухта, нажаль, лёгка і хутка распаўсюджваецца"

Канал "Незыгарь" апісвае планы Болтана ў Мінску ў чатырох пунктах:

Беспадстаўнасць гэтых "інсайдаў" падрабязна растлумачыў беларускі вайсковы аглядальнік Ягор Лебядок. Па першым пункце "Незыгаря" ён кажа, што "Беларусь як саюзнік Вашынгтона — малаімаверная падзея пры цяперашняй уладзе, у лепшым выпадку "партнёр", а як сатэліт Польшчы — смяхотная".

Што датычыцца процідзеяння кітайскім праектам, то яно, на думку Лебядка, было актуальнае да перадачы тэхналогій МЗКЦ Кітаю, а закрыццё беларуска-кітайскага "Шаўковых шляху" прывядзе толькі да пераарыентацыі гандлёвых патокаў на Расію, гэта значыць нічога ЗША не дасць. Кантакты Беларусі з Іранам, Венесуэлай і КНДР і так даўно зведзены да мінімуму. Наконт гэтага "аўтар "Незыгаря" таксама адстаў на дзесяцігоддзе", піша Лебядок.

З нагоды адмывання грошай эксперт кажа, што ў Беларусі калі і адмываюцца капіталы, то расійскія, а таму Лукашэнка "зліваць" гэтую інфармацыю не будзе, таму што "за такое і самога "зліць" могуць". Тое ж датычыцца і наркатрафіку. "Нават пры наяўнасці паставак буйных партый гераіну ў ЕС з Афганістана нібыта пад эгідай уладаў Беларусі таксама сумнеўна, што іх раскрыюць або прылучаць амерыканцаў, тым больш што ў такой магчымай схеме ўдзельнічаюць не тыя, хто любіць ЗША", — лічыць Лебядок.

Наконт Мінска як транзітнай тэрыторыі для Украіны аглядальнік нагадвае, што для гэтых мэт ЗША цалкам паспяхова выкарыстоўваюць Польшчу, таму Беларусь тут не патрэбна.

Ягор Лебядок тлумачыць, што вырашыў пракаментаваць "Незыгаря", "паколькі цяпер пойдзе вал прарасійскіх каментарыяў аб тым, што Беларусь легла пад ЗША, і таму падобная лухта, а эмацыянальна афарбаваная лухта, нажаль, лёгка і хутка распаўсюджваецца, калі не праводзіць "вакцынацыю" загадзя".

Нафта, Кітай, Царква і НАТА

Яшчэ чатыры "кейсы Болтана" прапануе прарасійскі канал "Трыкатаж".

1. Зняцце санкцый і доступ да амерыканскай нафты.

Кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі ў каментарыі Еўрарадыё расказаў, што тэма зняцця санкцый ЗША з Беларусі, хутчэй за ўсё, будзе абмяркоўвацца на сустрэчы Болтана з Лукашэнкам. І варыянт продажу Беларусі таннай амерыканскай лёгкай нафты, на яго думку, таксама магчымы. "Беларусь рыхтуецца да таго, што праз 5 год, калі завершыцца "падатковы манеўр", цэны на расійскую нафту дасягнуць сусветных. І нават з улікам лагістыкі амерыканская нафта будзе каштаваць прыкладна столькі ж. Таму Беларусі ўжо не будзе розніцы, у каго купляць нафту", — кажа Сівіцкі.

2. Згортванне кітайскай экспансіі ў Беларусь.

З гэтай нагоды эксперт кажа, што супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем зараз не так сур'ёзна турбуе ЗША і гэтая тэма наўрад ці будзе абмяркоўвацца падчас візіту Болтана ў Мінск. Сівіцкі падкрэслівае, што дарадца Трампа едзе ў Беларусь перш за ўсё для таго, каб атрымаць ад Аляксандра Лукашэнкі інфармацыю пра стан спраў у беларуска-расійскіх адносінах, у прыватнасці, даведацца, наколькі цвёрда Мінск гатовы адстойваць свой суверэнітэт перад пагрозай "паглыбленай інтэграцыі" з Расіяй.

3. Царкоўны. ЗША лабіруюць узмацненне актыўнасці Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай Царквы на злосць БПЦ.

Гэту заяву Арсень Сівіцкі называе фантастычнай. Паводле яго слоў, калі ў ЗША і ёсць нейкія намеры адносна Беларусі ў царкоўнай сферы, то гэта ну ніяк не ўваходзіць у сферу дзейнасці Болтана.

4. Удзел Беларусі ў вучэннях НАТА.

Наш эксперт не лічыць, што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца падчас візіту Болтана, аднак не бачыць нічога заганнага ва ўдзеле беларускіх вайскоўцаў у натаўскіх вучэннях. "У вучэннях НАТА ўдзельнічалі ўсе краіны СНД. Нават Расія да 2014 года праводзіла сумесныя вучэнні з НАТА. З Беларуссю праблема ў тым, што ў нас да гэтага часу не падпісана з НАТА пагадненне аб абмене сакрэтнай інфармацыяй, якое з боку НАТА блакуе з-за Астравецкай АЭС Літва. І таму правядзенне сумесных вучэнняў пакуль немагчымае", — растлумачыў Сівіцкі.

"Пераход на лацінку і ўніяцтва, шокавая тэрапія, перафармат эканомікі"

"Пачатак праекта Беларусь 2.0 з поўнай дэрусіфікацыяй, пераходам на лацінку і ўніяцтва, шокавай тэрапіяй, перафарматам эканомікі, празаходняй парламенцкай рэспублікай і кантрольным пакетам у англасаксаў узамен на гарантыі для Лукашэнкі і яго сыноў. Вядома, гарантыі можна парушыць, але Расіі ад гэтага не лягчэй", — піша прарасійскі канал "Бульба престолов".

"Вядома, такое меркаванне можа існаваць, але яно абсалютна не адпавядае рэчаіснасці і рэальным намерам амерыканскага боку, — кажа Сівіцкі. — Трэба разумець, што Болтан прыляцеў у рэгіянальнае турнэ і перш за ўсё ва Украіну і Малдову, а Беларусь ён наведвае ў дадатак. Тым больш што мы назіраем працэс паступовай нармалізацыі адносін Беларусі і ЗША і пашырэння кантактаў".

Атрымліваецца, што пераважна прарасійскія "інсайдарскія" тэлеграм-каналы публікуюць пра візіт Болтана ў Мінск адкрытую лухту. І толькі невялікую крыху інфармацыі можна ўспрымаць сур'ёзна.