Інфекцыйную лякарню ў Мінску закрылі на каранцін
Гарадская клінічная інфекцыйная лякарня Мінска абвясціла каранцін, паведамляецца на сайце ўстановы. Менавіта ў гэтую клініку быў дастаўлены іранскі студэнт, у якога выявілі каранавірус, і людзі, якія кантактавалі з ім.
Адміністрацыя лякарні паведаміла, што ў сувязі з каранціннымі мерапрыемствамі часова спынены кансультацыйны прыём пацыентаў. Выключэнне зробленае для пацыентаў кансультацыйна-дыягнастычнага аддзялення па ВІЧ-інфекцыі і клініка-дыягнастычнага корпуса па вірусных гепатытах, а таксама для тых, хто мае патрэбу ў выдачы лекаў для працягу лячэння.
Першы ў Беларусі выпадак каранавіруса выяўлены ў іранскага студэнта, які прыляцеў у Беларусь з Баку. Хаця хлопец прыляцеў 22 лютага, захворванне ў яго выявілі 27 лютага.
У БНТУ, дзе ён навучаецца, было абвешчанае навучанне па індывідуальным плане. Аўдыторных заняткаў ва ўніверсітэце не будзе, доступ у інтэрнаты для пабочных асобаў абмежаваны. Масавыя мерапрыемствы адмяняюцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.