Вы тут

Іх норавы: у ЗША знялі фільм пра Навальнага, а "Хроснага бацьку" адрэстаўравалі

Навальны, омікрон і героі фільма пра астэроід на высакаякасным калажы / Еўрарадыё

Пакуль беларусы дзівіліся пагодным з'явам за акном і думалі, як правесці вольны час увечары ў пятніцу, ва ўсім свеце адбывалася шмат цікавага.

Канада ўвяла падатак на непрышчэпленых

У правінцыі Квебек увялі "падатак на здароўе" для жыхароў, якія адмаўляюцца зрабіць прышчэпку ад віруса. Цяпер гэты рэгіён — рэкардсмен па колькасці смерцяў ад кавіду ў Канадзе. Хоць непрышчэпленых усяго каля мільёна чалавек.

Параўнанне Квебека з іншымі рэгіёнамі па колькасці хворых у Канадзе / health-infobase.canada.ca

Прэм'ер-міністр правінцыі Франсуа Лего заявіў, што невакцынаваныя людзі павінны будуць заплаціць "унёсак". Яго памер пакуль не ўдакладняецца, аднак, па словах палітыка, ён будзе "значны".

На мінулым тыдні ўлады Квебека забаранілі рабіць пакупкі ў дзяржаўных крамах канабісу і спіртных напояў без сертыфіката аб вакцынацыі. Акрамя таго, у правінцыі дзейнічае другая з пачатку пандэміі каменданцкая гадзіна — штодня з 22:00 да 5:00.

HBO зняла фільм пра Навальнага

Амерыканскія кампаніі HBO і CNN знялі дакументальны фільм пра расійскага палітыка Аляксея Навальнага. Калі фільм выйдзе, пакуль невядома, але інфармацыя пра здымку была даўно. Яна праходзіла ў сакрэтным рэжыме.

Рэжысёрам карціны стаў дакументаліст Дэніэл Роэр, вядомы па фільме "Калі мы былі братамі" пра стваральніка гурта The Band Робі Робертсана. Ён расказаў Deadline, што сюжэт пакажа "гісторыю аднаго чалавека і яго барацьбу з аўтарытарным рэжымам".

Па інфармацыі СМІ, у фільм увойдуць кадры, якія расказваюць пра атручэнне, лячэнне і вяртанне Навальнага ў Расію.

Сам Навальны анансаваў у сябе ў інстаграме гэты і фільм і расказаў, што здымка пачалася яшчэ ў лякарні.

"Папраўдзе яшчэ ў лякарні мы вырашылі: усё, што адбываецца — "Навічок", атручэнне, лякарня, ахова, — занадта дзіка, каб гэта не здымаць. Хоць я цярпець не магу фармат "вы рабіце, што планавалі, займайцеся сваімі справамі, а мы проста будзем хадзіць з камерай і здымаць", — напісаў Навальны.

Варта адзначыць, што ў Расіі няма анлайн-кінатэатра HBO Max, а расійскі партнёр HBO "Амедыятэка" наўрад ці перакладзе і пакажа ў сябе гэты фільм, — значыць, расіянам давядзецца глядзець пірацкую версію фільма пра Аляксея Навальнага.

НАСА папярэдзіла пра небяспечны астэроід

НАСА апублікавала твіт, у якім папярэдзіла пра набліжэнне да Зямлі астэроіда 7482 (1994 PC1). Касмічнае цела дыяметрам каля 1,1 кіламетра праляціць міма нашай планеты ў аўторак, 18 студзеня. Самая блізкая адлегласць, на якую астэроід падбярэцца да Зямлі, складзе каля двух мільёнаў кіламетраў, ён праляціць з хуткасцю больш за 70 тысяч кіламетраў за гадзіну.

Такія астэроіды Нацыянальнае ўпраўленне па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы ЗША класіфікуе як "патэнцыйна небяспечныя". Да такога класа адносяць астэроіды, якія не становяць пагрозы для Зямлі як мінімум на працягу найбліжэйшых ста гадоў.

"Хроснага бацьку" можна будзе паглядзець у добрай якасці

Спецыялісты адрэстаўравалі культавы фільм "Хросны бацька". 24 лютага ў гонар 50-годдзя карціны выпусцяць абноўленую версію. Работы па колеракарэкцыі і ліквідацыі разводаў і пашкоджанняў плёнкі вяліся каля трох гадоў пад чулым наглядам рэжысёра Фрэнсіса Форда Копалы.

Нарэшце мы зможам запусціць гэты фільм з павагай на сваіх OLED-тэлевізарах у якасці 4K Ultra HD.

Абстрактным постацям на карціне вучаніцы Малевіча хтосьці асадкай дамаляваў вочы

Палатно Ганны Ляпорскай "Тры фігуры" / The Art Newspaper Russia

Палатно Ганны Ляпорскай "Тры фігуры" коштам 75 мільёнаў рублёў выстаўлена ў екацярынбургскім "Ельцын Цэнтры". Невядомы проста прыйшоў туды, дастаў шарыкавую асадку, зрабіў сваю справу і выйшаў незаўважаным. Крымінальную справу заводзіць не сталі: кажуць, што шкода нязначная. Усяго нейкіх 250 тысяч рублёў.

"Адсутнічаюць прыкметы складу злачынства, бо карціна не страціла сваіх уласцівасцяў", — гаворыцца ў пастанове ведамства.

Палатно Ганны Ляпорскай "Тры фігуры" было прадстаўлена на выставе ў "Ельцын Цэнтры". Страхавая кампанія ацаніла яго кошт у 74,9 млн рублёў.

Гэта сучаснае мастацтва, перфоманс, акцыянізм або вандалізм?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.